Анатоль Іванавіч Лесніковіч нарадзіўся 3 красавіка 1941 г. у саўгасе «Рачкавічы» Слуцкага раёна Мінскай вобласці. Скончыў з адзнакай хімічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе ўжо з другога курса займаўся навуковымі даследаваннямі на кафедры неарганічнай хіміі.
Падчас вучобы быў накіраваны ў Берлінскі ўніверсітэт імя Гумбальта (ГДР), дзе пад кіраўніцтвам вядомых вучоных – прафесара Г. Рынекера і доктара Ю. Шэве ў Інстытуце неарганічнага каталізу выканаў дыпломную працу па вывучэнні заканамернасцяў каталітычнага акіслення сярністага ангідрыду. Дыпломная праца атрымала высокую ацэнку і лягла ў аснову кандыдацкай дысертацыі, якую ён паспяхова абараніў у 1969 г.
З 1966 г. А. Лесніковіч працаваў на кафедры неарганічнай хіміі БДУ. З 1978 г. вучоны ўзначаліў арганізаваную ім лабараторыю высокатэмпературных рэакцый навукова-даследчага Інстытута фізіка-хімічных праблем БДУ. У 1986 г. абараніў доктарскую дысертацыю. У 1994 г. А. Лесніковіч быў абраны членам-карэспандэнтам, а ў 1996 г. – акадэмікам НАН Беларусі. З 1996 па 2000 г. займаў пасаду першага намесніка старшыні Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, а 28 верасня 2000 г. А. Лесніковіч Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў прызначаны старшынёй Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. У 2002-2008 гг. працаваў намеснікам Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі.
А. І. Лесніковіч – вядомы вучоны, які ўнёс значны ўклад у вывучэнне фізіка-хімічных працэсаў тэрмічнага пераўтварэння і гарэння, кінетыкі хімічных неізатэрмічных працэсаў, сінтэзу неарганічных злучэнняў і матэрыялазнаўства. Яго навуковыя даследаванні і распрацоўкі добра вядомыя спецыялістам у Беларусі і за мяжой. Прапанаваны ім метад вызначэння кінетычных характарыстык атрымаў развіццё ў працах аўстрыйскіх і французскіх навукоўцаў, а адкрытая і вывучаная ім з'ява вадкапалымянага гарэння атрымала міжнародную вядомасць.
Пад кіраўніцтвам акадэміка А. І. Лесніковіча абаронены 12 кандыдацкіх работ і адна доктарская дысертацыя. Ён з'яўляецца аўтарам звыш 400 навуковых прац, у тым ліку 2 манаграфій, 3 навучальных дапаможнікаў, больш за 60 вынаходстваў.
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, адзначаны нагруднымі знакамі «Вынаходнік СССР», «За выдатныя поспехі ў працы», юбілейнымі медалямі, граматамі.
Фота: Злата Лукашэвіч