11.12.2025

Міжурадавы Камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў ходзе 20-й сесіі (г. Нью-Дэлі, Індыя) 9 снежня 2025 г. прыняў рашэнне аб уключэнні элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці» ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, што патрабуе тэрміновай аховы ЮНЕСКА.

Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці – унікальная з’ява беларускай народнай культуры, якая захавала архаічныя рысы і складаную сімволіку. Сфарміраваная ў XVII ст. традыцыя ахоплівае стварэнне ручнікоў, прадметаў адзення і інтэр’еру з выкарыстаннем самабытных тэхнік ткацтва і вышыўкі.

Асобную вядомасць набылі неглюбскія ручнікі, якія вызначаюцца складанай паліхромнай гамай (да 25 адценняў) і багатай арнаментальнай спадчынай, колькасць узораў якой складае больш за 120, некаторыя з іх адыходзяць да тысячагадовых традыцый. Геаметрычныя і раслінныя ўзоры («крывулі», «павукі», «яблынька» і інш.) нясуць у сабе зашыфраваныя пажаданні дабра, любові, дабрабыту і здароўя. Унікальнасць тэхнікі, пры якой ткацтва вядзецца з вываратнага боку, забяспечвае непаўторнасць кожнага вырабу.

Уключэнне рамяства ў спіс ЮНЕСКА стала вынікам супольнай працы суполкі неглюбскіх майстроў, экспертаў і спецыялістаў па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЕСКА і Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Даведка:
З уключэннем старажытнай тэхнікі ткацтва і вышыўкі ў спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА налічваецца сем беларускіх элементаў.

Раней былі ўключаны: святочны калядны абрад «Калядныя цары» ў Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці (2009); «Урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)» у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці (2018); «Юр’еўскі карагод» у Пагосце Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці (2019); культура бортніцтва (2020); «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні» (2022); «Выцінанка – традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі» (2024).

Па матэрыялах газеты Звязда

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).

Фота: onliber.by

Вверх