Статыстыка САІУ – 2025: лічбавыя тэхналогіі па-ранейшаму вызначаюць аблічча сусветнага інавацыйнага ландшафту

3 апреля 2026

Цікавае

У 2025 г. Сусветная арганізацыя інтэлектуальнай уласнасці (САІУ) зафіксавала рост паказчыкаў па глабальных рэестрах, уключаючы рэгістрацыю заявак на прамысловыя ўзоры. Гэта сведчыць аб тым, што кампаніі і індывідуальныя вынаходнікі ўсё больш актыўна выкарыстоўваюць сістэмы САІУ для абароны і прасоўвання сваіх прадуктаў на міжнародных рынках.

Колькасць міжнародных патэнтных заявак па Дагавору аб патэнтнай кааперацыі (PCT) расце другі год запар – на 0,7 % (у параўнанні з 2024 г.) і склала 275 900 дакументаў. Прэвалюючай вобласцю застаюцца лічбавыя камунікацыі – 11,1 %. Значныя месцы занялі камп'ютарныя тэхналогіі (9,6 %), а таксама электратэхніка (9 %), медыцынскія тэхналогіі (6,3 %) і фармацэўтычныя прэпараты (4,3 %).

У сферы міжнароднай рэгістрацыі таварных знакаў па Мадрыдскай сістэме самым запатрабаваным стаў клас, які ахоплівае камп'ютарнае абсталяванне і праграмнае забеспячэнне, а таксама іншую электра- і электронную апаратуру, – 10,8 % ад агульнай колькасці заявак. За ім ідуць такія класы, як «Паслугі для бізнесу» (8,5 %) і «Навуковыя і тэхналагічныя паслугі» (7,9 %).

Колькасць прамысловых узораў у заяўках, пададзеных па Гаагскай сістэме, павялічылася на 9,4 % і дасягнула рэкорднага ўзроўню – 28 558 адзінак. У 2025 г. найбольшая доля заявак прыйшлася на запісваючае абсталяванне і сродкі сувязі (13,2 %), за імі ішлі транспартныя сродкі (8 %), упакоўка і кантэйнеры (7,9 %).

Цэнтр САІУ па арбітражы і пасрэдніцтве ў 2025 г. прыняў удзел ва ўрэгуляванні 1461 спрэчкі аб інтэлектуальнай уласнасці, інавацыях і тэхналогіях, што на 70 % больш, чым у 2024 г.

Азнаёміцца з больш падрабязнай інфармацыяй можна па спасылцы.

Па матэрыялах САІУ

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фота: Злата Лукашевіч