На пасяджэнні Асамблей дзяржаў – членаў Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (САІУ) Еўразійскаму патэнтнаму ведамству (ЕАПВ) быў прысвоены статус міжнароднага пошукавага органа (МПО). Дагавор аб патэнтнай кааперацыі, або Patent Cooperation Treaty (PCT), – гэта міжнароднае пагадненне ў сферы інтэлектуальнай уласнасці, удзельнікамі якога на сённяшні дзень з'яўляюцца 156 дзяржаў. МПО выконвае патэнтны пошук па заяўцы PCT і выдае экспертныя заключэнні аб патэнтаздольнасці вынаходства. Падобны статус ёсць толькі ў 24 патэнтавых ведамстваў свету.
Фактычна гэта азначае, што з дапамогай ЕАПВ заяўнік і будучы патэнтаўладальнік – вынаходнік, вучоны, даследчык, карпарацыя або арганізацыя – змогуць у самым пачатку працэдуры атрымання патэнтнай аховы за мяжой ацаніць свае магчымасці атрымаць патэнт у той ці іншай краіне-ўдзельніцы дагавора PCT. А пры выяўленых неадпаведнасцях у заяўніка будзе магчымасць унесці змены ў заяўку, скарэктаваць формулу вынаходства на наступных этапах разгляду, каб павялічыць свае шанцы на атрыманне патэнта. Пры няўдачным выніку пошуку заяўнік можа адмовіцца ад атрымання патэнта, а значыць скараціць свае фінансавыя выдаткі, напрыклад, на выплату пошлін, пераклад дакументаў або на ганарар патэнтавых павераных у іншай краіне.
Кошт правядзення міжнароднага патэнтнага пошуку ў дачыненні да заяўкі на рускай мове складзе 9000 рас. руб., а па заяўцы на англійскай мове – 40000 рас. руб. Памеры пошлін, што выплачваюцца за правядзенне міжнароднага пошуку і іншыя дзеянні, якія ажыццяўляюцца ЕАПВ у сувязі з выкананнем функцый МПО, апублікаваныя на вэб-партале Еўразійскай патэнтнай арганізацыі.
Важна адзначыць, што статус МПО прысвойваецца толькі ведамствам, якія адказваюць высокім стандартам якасці ў частцы правядзення патэнтнага пошуку і патэнтнай экспертызы. Улічваецца, ці мае ведамства доступ да пошукавых баз дадзеных, якія ўключаюць шырокія калекцыі патэнтнай і навуковай літаратуры з усяго свету; ведамствам неабходна мець у штаце высокакваліфікаваных супрацоўнікаў, здольных праводзіць патэнтны пошук і экспертызу. ЕАПВ і якасць працы экспертаў ведамства адказвае ўсім жорсткім, прынятым ва ўсім свеце патрабаванням.
Па матэрыялах ЕАПВ