Беларусь у асобах: Янка Журба
30 апреля 2026
Интересное
Янка Журба (Івашын Іван Якаўлевіч) нарадзіўся 30 красавіка 1881 г. у вёсцы Купніна Лепельскага павета (зараз Чашніцкі раён) у сялянскай сям'і, якая складалася з 12 чалавек.
Скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю, працаваў настаўнікам у народных школах Віцебскай губерні. Яшчэ тады спрабаваў свае сілы ў вершаванай творчасці. З 1902 г. пачаў друкаваць этнаграфічныя нарысы ў газеце «Витебские губернские ведомости».
У 1906 г. стаў студэнтам Глухаўскага настаўніцкага інстытута. Пасля вучобы Іван Якаўлевіч выкладаў рускую мову і літаратуру ў старэйшых класах, працаваў у навукова-педагагічнай камісіі Наркамасветы БССР (1921-1922), інспектарам Бабруйскага, затым Калінінскага (Клімавічы) акруговых аддзелаў народнай асветы (1923-1927), выкладчыкам у Чэрыкаўскай сямігадовай школе, у Магілёўскім медыцынскім вучылішчы (1927-1934).
Пераехаўшы ў Мінск, працаваў у Інстытуце мовазнаўства АН БССР. З-за хваробы вачэй быў змушаны ў 1937 г. пакінуць працу. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1939 г.
З 1941 г. жыў у Чашніцкім раёне, амаль поўнасцю страціў зрок, працаваў настаўнікам спеваў у пачатковых класах. Апошнія гады жыцця правёў у вёсцы Слабада пад Полацкам.
Першы верш Янкі Журбы «На беразе Дзвіны» быў змешчаны ў газеце «Наша Ніва» (1909). У дакастрычніцкай паэзіі Я. Журбы выразна выявілася сацыяльная накіраванасць, аптымістычны погляд на свет, жаданне рэвалюцыйных ператварэнняў. У паслярэвалюцыйны час друкаваўся ў газеце «Савецкая Беларусь», часопісе «Полымя» і інш.
Першая паэтычная кніга «Заранкі» выйшла ў Мінску (1924). У 1950 г. выйшлі з друку «Выбраныя творы» Я. Журбы, а потым і некалькі паэтычных кніг, сярод якіх зборнік вершаў для дзяцей.
Паэт пераклаў на беларускую мову раман Ф. Дастаеўскага «Бедныя людзі» (1930). Ужо пасля смерці паэта ў 1970 г. выйшла кніжка выбраных твораў Янкі Журбы «Вершы», у 1980 г. – зборнік «Роднае», а ў 1984 г. – «Мая песня».
Па матэрыялах Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І. Леніна
Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фото: Злата Лукашевич