Беларусь у асобах: Абрамаў Сямён Ціханавіч
26 июня 2026
Интересное
Сямён Ціханавіч Абрамаў нарадзіўся 25 чэрвеня 1936 г. у вёсцы Слабада Смаленскай вобласці (Расія). Скончыў Горкаўскае мастацкае вучылішча (1957) (цяпер Ніжагародскае мастацкае вучылішча). Дыпломная праца – графічная кампазіцыя «На рэпетыцыі».
З 1959 г. жыве ў Бабруйску. У 1970-1983 гг. – адказны сакратар Магілёўскай абласной арганізацыі Саюза мастакоў Беларусі. У 1989 г. арганізаваў першы Міжнародны пленэр жывапісу ў Беларусі (Магілёў, Бабруйск), у якім прынялі ўдзел мастакі з Арменіі, Балгарыі, Беларусі, Германіі, Польшчы, Расіі, Румыніі, Туркменіі.
Удзельнік мастацкіх выставак з 1961 г. Член Беларускага саюза мастакоў з 1970 г.
Сямён Ціханавіч працуе ў тэхніках алейнага жывапісу, станковага і манументальна-дэкаратыўнага жывапісу, акварэлі. Сярод работ: «Памяці У. Мулявіна» (2003-2004), серыі акварэляў пра ваенных лётчыкаў (1967-1977) і жыццёвы і творчы шлях А. С. Пушкіна «Гісторыя аднаго жыцця» (больш за 300 работ; 1960-2009), цыклы жывапісных і акварэльных твораў «Заваёўнікі космасу» (1971-2009), «Сталіцы» (сяр. 1970-х гг. – 2009), «Рэха вайны», «Новы Бабруйск», партрэты М. А. Савіцкага, «Апошнія з магікан – беларускія мастакі – удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны» (2006-2008).
Аўтар вітражоў для прафілакторыя «Бабруйскферммаш» і ААТ «Белшына», мазаікі для сярэдняй школы № 2 г. Рагачова, габелена «Сказ пра Бабруйск», роспісаў «Чалавек і прырода» для Жыліцкага саўгаса-тэхнікума (Кіраўскі раён).
Творы мастака знаходзяцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага саюза мастакоў, Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П. У. Масленікава, Бабруйскага мастацкага музея, у замежных карцінных галерэях і музеях.
Па матэрыялах Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна
Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фото: Злата Лукашевич