19 июня 2026

Віталь Леанідавіч Калеснікаў нарадзіўся 21 чэрвеня 1936 г. у Алтайскім краі. Скончыў Ленінградскую лесатэхнічную акадэмію імя С. М. Кірава, атрымаўшы кваліфікацыю інжынера-хіміка-тэхнолага па спецыяльнасці «Хімічная тэхналогія перапрацоўкі драўніны». Навучаўся ў аспірантуры Інстытута хіміі Акадэміі навук Латвійскай ССР. На працягу 56 гадоў (1965-2021 гг.) працаваў у Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце (БДТУ).

У 1966 г. Віталь Леанідавіч абараніў кандыдацкую дысертацыю, у 1988 г. – доктарскую дысертацыю па тэме «Кіраванне працэсам праклейвання ў масе паперы і кардона». Атэстат прафесара атрымаў у 1990 г.

Віталь Леанідавіч упершыню ў свеце стварыў арыгінальную тэорыю калоідна-хімічнага рэгулявання ў тэхналогіі паперы і кардона.

Распрацаваныя вучоным практычныя рэкамендацыі ўкаранёны на многіх вядучых цэлюлозна-папяровых прадпрыемствах Беларусі і за мяжой.

У 1968 г. Віталь Леанідавіч арганізаваў адзіную ў Беларусі кафедру цэлюлозна-папяровых вытворчасцяў і з'яўляўся яе загадчыкам да 1985 г. У 1990 г. прафесар арганізаваў кафедру аховы навакольнага асяроддзя і працы. З 1995 па 2021 г. працаваў прафесарам кафедры інфарматыкі і вылічальнай тэхнікі. Створаныя ім унікальныя алгарытмы (больш за 70 відаў) і прыкладныя камп'ютарныя праграмы (больш за 80 відаў) укаранёны ў адукацыйны працэс для многіх спецыяльнасцяў, а таксама на дзеючых вытворчасцях з шырокім асартыментам кампазіцыйных матэрыялаў, якія адрозніваюцца ўласцівасцямі і вобласцю прымянення.

Вынікі шматгадовых навуковых даследаванняў Віталя Леанідавіча Калеснікава выкладзены ў 537 навуковых публікацыях у выглядзе манаграфій (2), навучальных дапаможнікаў (9), артыкулаў (280), аўтарскіх пасведчанняў (17), патэнтаў (19).

Пад кіраўніцтвам прафесара В. Калеснікава абаронены 1 доктарская, 10 кандыдацкіх і 18 магістарскіх дысертацый, а таксама больш за 200 дыпломных праектаў і работ.

За шматгадовую плённую навуковую, педагагічную і арганізацыйную дзейнасць Віталь Калеснікаў узнагароджаны ганаровымі граматамі Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, канцэрна «Беллеспаперапрам», нагруднымі знакамі «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва» (1974, 1981) і «Выдатнік адукацыі» (2005).

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фото: Злата Лукашевич

Вверх