Сямён Арыевіч Косберг нарадзіўся 14 кастрычніка 1903 г. у Слуцку Мінскай губерні ў сям’і каваля. Пасля заканчэння сямігодкі вучыўся ў камерцыйным вучылішчы, потым працаваў слесарам на прадзільна-ніткавай фабрыцы ў Ленінградзе і рыхтаваўся на рабфаку да паступлення ў інстытут. Калі адслужыў у арміі, стаў студэнтам Ленінградскага політэхнічнага інстытута, праз некаторы час перавёўся ў Маскоўскі авіяцыйны інстытут, які скончыў у 1931 г. Працаваў у праектных арганізацыях авіяцыйнай прамысловасці.
Перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны С. Косберг узначаліў канструктарскае бюро (КБ). У 1941 г. эвакуіраваўся пад Новасібірск. Тут за кароткі тэрмін з групай спецыялістаў стварыў сістэму непасрэднага ўпрысквання паліва для поршневых бензінавых авіяцыйных рухавікоў А.Д. Швяцова, якія ўстанаўліваліся на знішчальніках Ла-5, Ла-7 (сканструяваны С.А. Лавачкіным). Удасканаленыя самалёты атрымалі перавагу ў хуткасці перад аднатыпнымі нямецкімі Фоке-Вульф-190 і паспяхова ўдзельнічалі ў паветраных баях (асабліва на Курскай дузе). Сістэма вучонага значна палепшыла і лётна-тэхнічныя паказчыкі бамбардзіроўшчыкаў А.М. Тупалева. Вайну С.А. Косберг закончыў з двума баявымі ордэнамі – Чырвонай Зоркі (1943) і Айчыннай вайны I ступені (1945).
У пасляваенны час пад кіраўніцтвам С.А. Косберга былі створаны доследныя ўзоры рэактыўных рухавікоў для самалётаў канструкцыі А.І. Мікаяна і А.С. Якаўлева. З 1958 г. вучоны пачаў працаваць над рухавікамі для ракетна-касмічных сістэм, што праектаваліся ў канструктарскім бюро пад кіраўніцтвам С.П. Каралёва. Праз некалькі месяцаў у выніку сумеснай дзейнасці з’явіліся першыя савецкія кіслародна-газавыя вадкасныя ракетныя рухавікі, якія запускаліся ва ўмовах бязважкасці і дазвалялі апарату дасягнуць другой касмічнай хуткасці (11,2 км/с). З іх дапамогай у 1959-1962 гг. былі здзейснены першыя ў свеце запускі касмічных апаратаў да Месяца, Марса і Венеры. За гэту работу Сямёну Косбергу была прысуджана ступень доктара тэхнічных навук, а ў 1960 г. – Ленінская прэмія. Вучоны меў непасрэднае дачыненне і да палёту ў космас Ю.А. Гагарына. За стварэнне трэцяй ступені ракеты-носьбіта «Усход», якая забяспечыла вывад на арбіту ўсіх першых савецкіх пілатуемых касмічных караблёў, ён быў удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы (1961). У далейшым новай распрацоўкай КБ вучонага стала стварэнне чатырохкамерных вадкасна-рэактыўных рухавікоў цягай у 30 тон для запускаў шматмесных пілатуемых касмічных караблёў «Усход» і «Саюз», высокаапагейных штучных спадарожнікаў Зямлі, месячных і міжпланетных станцый.
У 1960-я гг. паралельна з С.П. Каралёвым С.А. Косберг працаваў з генеральным канструктарам ракетна-касмічных сістэм У.М. Чаламеем. Гэта супрацоўніцтва завяршылася стварэннем аднакамерных рухавікоў цягай 60 тон для другой і трэцяй ступеняў носьбіта «Пратон». Яны дазволілі запускаць цяжкія спадарожнікі, выводзіць у космас арбітальныя станцыі, а таксама накіроўваць да іх модулі.
Амаль 25 гадоў С.А. Косберг узначальваў канструктарскае бюро. Наперадзе ў канструктара былі новыя планы, але ў студзені 1965 г. ён трагічна загінуў у аўтамабільнай катастрофе. Імя вучонага не знікла з гісторыі навукі, і сотні вучняў працягваюць яго справу. Яго імем названа адна з вуліц Слуцка і кратар на адваротным баку Месяца.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (Facebook, Instagram, Telegram).