Валянціна Міхайлаўна Коўтун нарадзілася 6 красавіка 1946 г. у вёсцы Дзямехі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў настаўніцкай сям’і. Скончыла Малатковіцкую сярэднюю школу, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Варнянскай сярэдняй школы Астравецкага раёна, літкансультантам «Сельскай газеты». Вучылася ў аспірантуры пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Працавала літсупрацоўнікам, рэдактарам часопісаў «Полымя» і «Маладосць», выдавецтва «Юнацтва».
Дэбютавала ў друку ў 1966. Працавала пад псеўданімамі Ясельда, Леся Беларуска. Аўтар зборнікаў беларускай паэзіі «Каляровыя вёслы» (1971), «На ўзлёце дня» (1977), «Лісты да цябе» (1988), «Малітва да Калымы» (2009), рамана-жыція «Пакліканыя» (2002), прысвечанага Еўфрасінні Полацкай.
Адна з важных тэм творчасці – асэнсаванне асобы беларускай паэткі Цёткі (Алаіза Пашкевіч), якой прысвечаны паэмы «На зломе маланкі» (1979), «Суд Алаізы» (1985), раман-дылогія «Крыж міласэрнасці» (1988-1996). Аўтар кніжак паэзіі для дзяцей «Мы робім казку» (1983), «Вясёлы заасад» (1986), зборніка апавяданняў «Калінавая гронка залатая» (1988).
Валянціна Коўтун таксама вядомая як крытык і літаратуразнаўца, з’яўляецца аўтарам драматычных твораў, сцэнарыяў, перакладаў, артыкулаў па пытаннях фальклору ў сучаснай беларускай паэзіі: «Святое Народнае слова: Паэтычны лад беларускай народнай песні» (1984), «Крыніца паэзіі: на шляхах эпізаціі» (1987).
З 1993 г. з’яўлялася старшынёй Усебеларускага жаночага фонду святой Еўфрасінні Полацкай. Лаўрэат Літаратурнай прэміі Саюза пісьменнікаў Беларусі імя А. Куляшова (1986) за кнігу паэзіі «Метраном».
Па матэрыялах Сеткі публічных бібліятэк горада Гомеля
Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фото: Злата Лукашевич