Беларуская выцінанка ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА
5 декабря 2024
Интересное
Міжурадавы Камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ў ходзе 19-й сесіі (г. Асунсьён, Парагвай) 4 снежня 2024 г. прыняў рашэнне аб уключэнні элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Выцінанка – традыцыйнае мастацтва выразання з паперы ў Беларусі» ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
Выцінанка – традыцыйнае мастацтва выразання з паперы, шырока распаўсюджанае ў Беларусі, зарадзілася яшчэ ў XVI стагоддзі. Сёння рамяство набывае другое дыханне. Вытанчанае і шырока прызнанае як элемент беларускай культуры, цяпер актыўна выкарыстоўваецца ў вонкавым і ўнутраным афармленні прыватных дамоў і грамадскіх месцаў (офісы, рэстараны, культурныя ўстановы, тэатральныя дэкарацыі). Яно таксама з’яўляецца неад’емнай часткай традыцыйных святаў.
Выцінанка становіцца ўсё больш крэатыўнай, а яе вытанчаныя арнаменты пераносяцца на тканіну і выкарыстоўваюцца як элемент адзення. Сучасная выцінанка ахоплівае мноства тэм, якія адлюстроўваюць беларускі лад жыцця: любаванне прыродай, беларуская гісторыя, міфалогія, звычаі і вераванні, сельскі і гарадскі побыт. Гэта адна з эстэтычных асноў беларускага менталітэту і культуры.
Уключэнне рамяства ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва з’явілася вынікам сумеснай працы супольнасцяў майстроў выцінанкі, экспертаў і спецыялістаў па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, Міністэрства культуры, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Міністэрства замежных спраў і пастаяннага прадстаўніцтва Беларусі пры ЮНЕСКА.
Даведка:
З уключэннем выцінанкі цяпер у спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА налічваецца шэсць беларускіх элементаў.
Раней былі ўключаны святочны калядны абрад «Калядныя цары» ў Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці (2009 год); «Урачыстасць у гонар шанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст)» у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці (2018 год); «Юр’еўскі карагод» у Пагосце Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці (2019 год); культура бортніцтва (2020 год); «Саломапляценне Беларусі: мастацтва, рамяство, уменні» (2022 год).
Па матэрыялах газеты Звязда
Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фото: НЦИС