Пытанне: Якім чынам можна заверыць прыналежнасць твора яго аўтару?
Адказ: Твор ахоўваецца аўтарскім правам, калі ён створаны творчай працай і выражаны ў аб'ектыўнай форме. Пры гэтым рэгістрацыя правоў на яго або выкананне іншых фармальнасцей не патрабуюцца.
Абгрунтаванне: Да аб'ектаў аўтарскага права адносяцца творы навукі, літаратуры і мастацтва, якія з'яўляюцца вынікам творчай працы, незалежна ад прызначэння і годнасці твораў, а таксама спосабу іх выражэння, якія існуюць у якой-небудзь аб'ектыўнай форме, напрыклад у форме выявы (малюнак, эскіз, карціна, карта, план, чарцёж, кіна-, тэле-, відэа-, фотакадр і інш.), электроннай, у тым ліку лічбавай, форме і інш. (ч. 1 п. 2 арт. 993 ГК, пп. 1, 2 арт. 6 Закона аб аўтарскім праве).
У Рэспубліцы Беларусь дзейнічае прэзумпцыя творчасці, якая азначае, што твор прызнаецца створаным творчай працай, пакуль не ўстаноўлена іншае (ч. 2 п. 2 арт. 993 ГК).
Паняцце «творчая праца» ў заканадаўстве Беларусі ў сферы аўтарскага права не замацавана. Аднак лічыцца, што вынік творчай працы характарызуецца арыгінальнасцю, навізной, непаўторнасцю і ўнікальнасцю. Указаныя прыкметы выкарыстоўваюцца ў дактрыне і судовай практыцы. Крытэрый творчай працы з'яўляецца суб'ектыўным. У выпадку ўзнікнення сумненняў адносна таго, ці з'яўляецца аб'ект вынікам творчай працы, наяўнасць або адсутнасць названага крытэрыю можа быць устаноўлена судом, у тым ліку з дапамогай экспертызы.
Аўтарскае права на твор узнікае ў выніку яго стварэння. Для ўзнікнення і ажыццяўлення аўтарскага права не патрабуецца захаванне якіх-небудзь фармальнасцяў. Пры адсутнасці доказаў іншага аўтарам твора лічыцца асоба, якая ўказана ў якасці аўтара на экзэмпляры твора (прэзумпцыя аўтарства) (арт. 8 Закона аб аўтарскім праве). Экзэмплярам твора з'яўляецца арыгінал або копія твора, вырабленая ў любой матэрыяльнай форме (абз. 35 арт. 4 Закона аб аўтарскім праве). Такім чынам, для прымянення прадугледжанай Законам аб аўтарскім праве прэзумпцыі аўтарства неабходна ўказваць аўтара на экзэмплярах твора.
Акрамя таго, аўтар або іншы праваўладальнік для апавяшчэння аб прыналежным яму выключным праве на твор мае права па сваім меркаванні выкарыстоўваць знак аховы аўтарскага права, які змяшчаецца на кожным экзэмпляры твора і абавязкова складаецца з трох элементаў: лацінскай літары «C» у акружнасці, імя (назвы) праваўладальніка, года першага апублікавання або іншага абнародавання твора (п. 4 арт. 16 Закона аб аўтарскім праве).
Такім чынам, твор ахоўваецца аўтарскім правам, калі ён створаны творчай працай і выражаны ў аб'ектыўнай форме. Пры гэтым рэгістрацыя правоў на яго або выкананне іншых фармальнасцей не патрабуюцца. Закон аб аўтарскім праве прадугледжвае прэзумпцыю аўтарства, якая дзейнічае пры ўказанні асобы ў якасці аўтара на экзэмпляры твора. У якасці спосабу апавяшчэнння трэціх асоб аб належным выключным праве на твор можа быць выкарыстаны знак аховы аўтарскага права на экзэмпляры твора.
Таксама інфармуем, што розныя арганізацыі ажыццяўляюць добраахвотнае дэпаніраванне аб'ектаў аўтарскага права (захоўванне экзэмпляраў твораў у лічбавай форме), у тым ліку з дапамогай дэпануючых сайтаў (архіватараў) у глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт. Аднак адзначаем, што дэпаніраванне такіх аб'ектаў аўтарскага права не ўплывае на ўзнікненне аўтарскага права на творы, але можа дапамагчы пацвердзіць аўтарства (указанне аўтара на экзэмпляры твора) на пэўную дату пры ўзнікненні спрэчкі.
03.2026
Падрыхтавала: В. Д. Ільіна (вядучы спецыяліст аддзела заканадаўства ў сферы аўтарскага і сумежных правоў упраўлення прававога і кадравага забеспячэння НЦІУ)