Пытанне: З увядзеннем санкцый з беларускага рынку пайшлі асобныя сусветныя брэнды. Гэта стварыла новыя рызыкі, звязаныя з падробкай і продажам фальсіфікаваных тавараў пад выглядам брэндавай прадукцыі. Як з дапамогай інструментаў інтэлектуальнай уласнасці можна змагацца з распаўсюджваннем такой прадукцыі?
Адказ: Трэба адзначыць, што сыход з беларускага рынку тавараў сусветных брэндаў не азначае спыненне на тэрыторыі нашай краіны прававой аховы аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, якія належаць уладальнікам такіх брэндаў. У прававой аховы, у прыватнасці, таварнага знака ёсць свой тэрмін – 10 гадоў, ён не спыняецца аўтаматычна, напрыклад, са спыненнем вытворчасці або продажу тавараў, для якіх ён прымяняўся. Акрамя таго, названы тэрмін можа прадаўжацца праваўладальнікам неабмежаваную колькасць разоў кожны раз на 10 гадоў.
Згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 лютага 1993 г. № 2181-XII «Аб таварных знаках і знаках абслугоўвання» уладальнік таварнага знака мае выключнае права выкарыстоўваць таварны знак, можа распараджацца гэтым выключным правам, а таксама мае права забараняць выкарыстанне таварнага знака іншымі асобамі. Ніхто не можа выкарыстоўваць таварны знак, які ахоўваецца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, без дазволу яго ўладальніка. Пры гэтым пад выкарыстаннем таварнага знака разумеецца ў тым ліку яго прымяненне на таварах, якія вырабляюцца, прапануюцца да продажу, прадаюцца або іншым чынам уводзяцца ў грамадзянскі абарот, захоўваюцца, перавозяцца або ўвозяцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у мэтах увядзення ў грамадзянскі абарот, а таксама на этыкетках, упакоўках такіх тавараў.
Тавары, этыкеткі, упакоўкі тавараў, на якіх незаконна прыменены таварны знак або нават абазначэнне, падобнае да яго да ступені змешвання, з'яўляюцца кантрафактнымі.
Уладальнік таварнага знака або асоба, якой прадастаўлена права выкарыстання таварнага знака па дагаворы выключнай ліцэнзіі, мае права патрабаваць выдалення з кантрафактных тавараў, этыкетак, упаковак тавараў незаконна прымененых таварнага знака або абазначэння, падобнага з ім да ступені змешвання, а пры немагчымасці выдалення – выключэння з грамадзянскага абароту і знішчэння кантрафактных тавараў, этыкетак, упаковак тавараў.
Такім чынам, уладальнік таварнага знака мае права кантраляваць вытворчасць, увоз на тэрыторыю краіны і абарот тавараў, маркіраваных яго таварным знакам, і забараняць названыя дзеянні незалежна ад таго, ці з'яўляецца тавар падробленым, г. зн. не прыналежным дадзенаму праваўладальніку, але маркіраваны яго таварным знакам, або арыгінальным, але выкарыстоўваным без яго дазволу.
У выпадку калі мы гаворым аб легалізаваным «паралельным імпарце», калі ўладальнікі таварных знакаў абмяжоўваюцца ў сваім праве забараняць увоз на тэрыторыю краіны тавараў, маркіраваных іх таварным знакам, трэба разумець, што размова ідзе толькі пра ўвоз арыгінальных тавараў. Пры гэтым такая прадукцыя з пункту гледжання заканадаўства не будзе лічыцца кантрафактнай, бо атрыманне дазволу на яе ўвоз ужо не патрабуецца.
Так, для нівеліравання негатыўных наступстваў прымянення ў адносінах да Рэспублікі Беларусь мер абмежавальнага характару (санкцый), якія выяўляюцца ў тым ліку ў забароне ўвозу на тэрыторыю нашай краіны і далейшага абароту некаторых тавараў імпартнай вытворчасці праз рэалізацыю выключнага права на прымененыя (змяшчаемые, уключаныя) у такіх таварах аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, у студзені мінулага года прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб абмежаванні выключных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці».
Указаным законам была ўстаноўлена часовая магчымасць выкарыстоўваць аб'екты інтэлектуальнай уласнасці без дазволу замежных праваўладальнікаў, у тым ліку імпартаваць неабходныя для Рэспублікі Беларусь тавары пры ўмове ўключэння такіх тавараў у пералік істотна важных для ўнутранага рынку тавараў.
Пры гэтым названы закон мае агаворку аб тым, што тавары, якія дапускаюцца да ўвозу, павінны быць правамерна ўведзены ў грамадзянскі абарот на тэрыторыі любой дзяржавы непасрэдна праваўладальнікамі аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, прымененых (змяшчаемых, уключаных) у такіх таварах, або іншымі асобамі з іх згоды (дазволу).
Па сутнасці, Закон Рэспублікі Беларусь «Аб абмежаванні выключных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці» легалізаваў імпарт тавараў асобамі, якія не маюць дазволу праваўладальнікаў аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, – «паралельны імпарт», а дакладней увёў міжнародны прынцып вычарпання выключнага права на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, ужытыя (змяшчаемыя, уключаныя) у таварах, істотна неабходных для нашай краіны. Іншымі словамі, праваўладальнікі не пазбаўлены поўнасцю выключнага права, а толькі абмежаваны ў правамоцтве забараняць увоз на тэрыторыю краіны і выкарыстанне іх арыгінальных тавараў, законна ўведзеных у абарот дзе-небудзь у свеце.
Такім чынам, на барацьбу з падробленымі і няякаснымі таварамі не ўплывае дзеянне санкцый або легалізацыя «паралельнага імпарту». Яна па-ранейшаму можа ажыццяўляцца сіламі саміх уладальнікаў правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, а таксама сіламі мытных, антыманапольных органаў і органаў унутраных спраў у межах іх кампетэнцыі.
02.2025
Падрыхтавала: Новікава Наталля Віктараўна (начальнік упраўлення прававога і кадравага забеспячэння НЦІУ)