Пытанне: Як ўступіць у спадчыну па правах на аб'екты аўтарскага права і сумежных правоў?

Адказ: Згодна з п. 1 арт. 1069 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГК) для набыцця спадчыны спадчыннік павінен яе прыняць. Па агульнаму правілу прыняцце спадчыны ажыццяўляецца на працягу шасці месяцаў з дня яе адкрыцця падачай натарыусу заявы ад спадчынніка (п. 1 арт. 1070 ГК, п. 1 арт. 1071 ГК).

Пры звароце да натарыуса для афармлення спадчынных правоў рэкамендуем спадчыннікам паведаміць натарыусу аб наяўнасці ў памерлага аўтара (іншага праваўладальніка) выключных правоў у дачыненні да аб'ектаў аўтарскага права і сумежных правоў. Гэта неабходна, каб натарыус адлюстраваў у пасведчанні аб праве на спадчыну пераход да спадчыннікаў такіх правоў пры пералічэнні спадчыннай маёмасці (так спадчыннікам будзе прасцей у далейшым пацвярджаць прыналежнасць ім правоў на аб'екты аўтарскага права і сумежных правоў, калі такія аб'екты захочуць выкарыстоўваць трэція асобы).

Для таго каб натарыус выдаў пасведчанне аб праве на спадчыну на аўтарскія правы, у адпаведнасці з п. 141 інструкцыі аб парадку здзяйснення натарыяльных дзеянняў, зацверджанай пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2006 г. № 63, трэба прадаставіць натарыусу творы, створаныя аўтарам. На практыцы натарыусам можна падаць і іншыя звесткі, якія сведчаць аб наяўнасці ў памерлага праваўладальніка правоў на аб'екты аўтарскага права і сумежных правоў. Напрыклад, калі ў праваўладальніка пры жыцці быў заключаны дагавор з арганізацыяй па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі, выдавецтвам і г. д., можна запытаць наяўную ў такіх асоб інфармацыю.

03.2026
Падрыхтавалі: Т.П. Цэдрык (намеснік начальніка упраўлення аўтарскага і сумежных правоў - начальнік аддзела рэгістрацыі правоў НЦІУ), Д.Х. Градоўкіна (вядучы спецыяліст аддзела рэгістрацыі правоў кіравання аўтарскага і сумежных правоў НЦІУ)

Вверх