Пытанне: У якіх выпадках свабоднага выкарыстання твораў і аб'ектаў сумежных правоў трэба выплачваць узнагароджанне?

Адказ: Глава 4 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» (далей – Закон) прадугледжвае шэраг выпадкаў свабоднага выкарыстання, у якіх дапускаецца выкарыстанне твораў і аб'ектаў сумежных правоў без дазволу іх праваўладальнікаў. У абсалютнай большасці такіх выпадкаў выплата ўзнагароджання праваўладальніку не патрабуецца, аднак ёсць тры выпадкі свабоднага выкарыстання, у якіх выплачваць узнагароджанне неабходна.

Да такіх выпадкаў адносяцца:

1) узнаўленне ў асабістых мэтах аўдыёвізуальных твораў, твораў і выкананняў, увасобленых у фанаграмах, фанаграм (прыватнае капіраванне). Узнагароджанне павінны выплачваць вытворцы і імпарцёры абсталявання і (або) матэрыяльных носьбітаў, якія звычайна выкарыстоўваюцца для такога прайгравання (п. 3 арт. 35 Закона);

2) выкарыстанне фанаграм, апублікаваных у камерцыйных мэтах, і выкананняў, запісаных на такіх фанаграмах. Пры гэтым фанаграмы, якія сталі даступнымі ў Інтэрнеце такім чынам, што прадстаўнікі публікі могуць ажыццяўляць да іх доступ з любога месца і ў любы час па іх уласным выбары, разглядаюцца як апублікаваныя ў камерцыйных мэтах. Узнагароджанне павінны выплачваць асобы, якія выкарыстоўваюць такія фанаграмы і выкананні (п. 1, частка першая п. 2 арт. 41 Закона);

3) выкарыстанне музычных твораў пры правядзенні і (або) асвятленні ў сродках масавай інфармацыі асобных культурных мерапрыемстваў. Пералік такіх мерапрыемстваў штогод устанаўліваецца Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і размяшчаецца на яго афіцыйным сайце. Узнагароджанне павінны выплачваць асобы, якія выкарыстоўваюць музычныя творы (п. 1, частка першая п. 2 арт. 411 Закона).

Ва ўсіх пералічаных выпадках выплата узнагароджання праваўладальніку ажыццяўляецца толькі праз акрэдытаваную арганізацыю па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі (частка трэцяя п. 3 арт. 35, частка другая п. 2 арт. 41, частка другая п. 2 арт. 411 Закона).

У цяперашні час у Рэспубліцы Беларусь адсутнічае арганізацыя, акрэдытаваная для збору ўзнагароджання за прыватнае капіраванне. Для збору ўзнагароджання ў астатніх выпадках акрэдытаваны Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці.

Такім чынам, фактычна ў Рэспубліцы Беларусь у цяперашні час ажыццяўляецца збор толькі за два выпадкі свабоднага выкарыстання, якія прадугледжваюць выплату ўзнагароджання праваўладальніку: выкарыстанне фанаграм, апублікаваных у камерцыйных мэтах, і выкананняў, запісаных на такіх фанаграмах, і выкарыстанне музычных твораў пры правядзенні і (або) асвятленні ў сродках масавай інфармацыі асобных культурных мерапрыемстваў.

03.2026
Падрыхтавала: В. Д. Ільіна (вядучы спецыяліст аддзела заканадаўства ў сферы аўтарскага і сумежных правоў упраўлення прававога і кадравага забеспячэння НЦІУ)