Пытанне: Юрыдычная асоба (наймальнік работніка, які стварыў службовы твор) перадала па дагавору ўступкі выключнае права на гэты службовы твор іншай юрыдычнай асобе. У выпадку, калі юрыдычная асоба – наймальнік ліквідуецца, ці пяройдзе аўтаматычна выключнае права на службовы твор да яго аўтара?

Адказ: У адпаведнасці з часткай першай п. 2 арт. 17 Закону Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» (далей – Закон) выключнае права на службовы твор з моманту яго стварэння пераходзіць да наймальніка, калі іншае не прадугледжана дагаворам паміж ім і аўтарам.

На падставе п. 3 арт. 17 Закону пасля ліквідацыі юрыдычнай асобы – наймальніка выключнае права на службовы твор аўтаматычна пераходзіць да яго аўтара.

У адпаведнасці з часткай другой п. 2 арт. 982 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГК) маёмасныя правы могуць быць адчужаны або пакінуты іншай асобе, а таксама могуць перайсці ад адной асобы да іншай у парадку ўніверсальнага правапераемства (у спадчыну, рэарганізацыя юрыдычнай асобы) або іншым спосабам, калі іншае не прадугледжана ГК ці іншымі заканадаўчымі актамі. Пры гэтым заканадаўчымі актамі не прадугледжаны абмежаванні для распараджэння наймальнікам прыналежным яму выключным правам на службовы твор.

У выпадку, калі юрыдычная асоба – наймальнік, якая з'яўляецца праваўладальнікам службовага твора, ажыццявіла адчужэнне выключнага права на яго па дагавору ўступкі выключнага права іншай юрыдычнай асобе, то праваўладальнікам гэтага твора стала іншая юрыдычная асоба. У сувязі з гэтым ліквідацыя юрыдычнай асобы – наймальніка, які не з'яўляецца ўладальнікам выключнага права на службовы твор, не прывядзе да пераходу выключнага права на службовы твор да яго аўтара ў адпаведнасці з п. 3 арт. 17 Закону.

03.2026
Падрыхтавала: В. Д. Ільіна (вядучы спецыяліст аддзела заканадаўства ў сферы аўтарскага і сумежных правоў упраўлення прававога і кадравага забеспячэння НЦІУ)

Вверх