Пытанне: У каго трэба атрымаць дазвол на выкарыстанне твора, калі выключнае права на яго належыць некалькім праваўладальнікам?

Адказ: Праваўладальніку ў дачыненні да твора належыць выключнае права, якое азначае права выкарыстоўваць твор па сваім меркаванні ў любой форме і любым спосабам, а таксама дазваляць або забараняць іншым асобам яго выкарыстанне (п. 1, частка першая п. 2 арт. 16 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» (далей – Закон)).

У адпаведнасці з часткай трэцяй п. 1 арт. 983 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГК) выкарыстанне іншымі асобамі аб'екта інтэлектуальнай уласнасці, у адносінах да якога асобе належыць выключнае права, дапускаецца толькі са згоды (дазволу) такой асобы, за выключэннем выпадкаў, прадугледжаных ГК або іншым законам.

Пры гэтым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь не прадугледжана магчымасць правамернага выкарыстання твора пры наяўнасці дазволу толькі часткі яго праваўладальнікаў. Такім чынам, умовай правамернага выкарыстання твора, выключнае права на якое належыць некалькім праваўладальнікам, з'яўляецца атрыманне дазволу кожнага з яго праваўладальнікаў.

Дазвол на выкарыстанне твора трэба афармляць шляхам заключэння ліцэнзійнага дагавора. Патрабаванні да ліцэнзійных дагавораў на аб'екты аўтарскага права прадугледжаны арт. 44 Закона. Пры гэтым адносіны па выкарыстанні аднаго твора, у адносінах да якога дзейнічае адно выключнае права, якое належыць некалькім праваўладальнікам, варта афармляць адным ліцэнзійным дагаворам, які заключаецца з некалькімі праваўладальнікамі (на баку праваўладальніка (ліцэнзіяра) па такому дагавору выступаюць усе ўладальнікі выключнага права на твор).

03.2026
Падрыхтавала: В. Д. Ільіна (вядучы спецыяліст аддзела заканадаўства ў сферы аўтарскага і сумежных правоў упраўлення прававога і кадравага забеспячэння НЦІУ)

Вверх