Пытанне: У каго трэба атрымаць дазвол на тое, каб выкарыстоўваць літаратурны твор у перакладзе?

Адказ: Аўтару ці іншаму праваўладальніку твора належыць выключнае права на твор, якое азначае права выкарыстоўваць твор па сваім меркаванні ў любой форме і любым спосабам, а таксама дазваляць або забараняць іншым асобам яго выкарыстанне (пп. 1 і 2 арт. 16 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» (далей – Закон)).

Пераклад твора, які з'яўляецца вынікам творчай працы, таксама з'яўляецца аб'ектам аўтарскага права (вытворным творам). Перакладчыку або іншаму праваўладальніку перакладу належыць выключнае права на пераклад пры ўмове захавання ім правоў аўтара твора, які падвергся перакладу (абзац дваццаць другі арт. 4, абзац другі часткі другой п. 5 арт. 6, п. 1 арт. 10 Закона).

У адпаведнасці з п. 3 арт. 2 Бернскай канвенцыі па ахове літаратурных і мастацкіх твораў 1886 г. (далей – Бернская канвенцыя), удзельніцай якой з'яўляецца Рэспубліка Беларусь, пераклады ахоўваюцца нароўні з арыгінальнымі творамі без шкоды правам аўтара арыгінальнага твора.

Такім чынам, для правамернага выкарыстання літаратурнага твора ў перакладзе неабходна атрымаць як дазвол на выкарыстанне перакладу, так і дазвол на выкарыстанне арыгінальнага твора, які падвергся перакладу.

У выпадку, калі тэрмін дзеяння выключнага права на арыгінальны твор скончыўся, а выключнае права на пераклад дзейнічае, неабходна атрымаць дазвол на выкарыстанне перакладу. У выпадку, калі тэрмін дзеяння выключнага права на пераклад твора скончыўся, а выключнае права на арыгінальны твор дзейнічае, неабходна атрымаць дазвол на выкарыстанне арыгінальнага твора.

03.2026
Падрыхтавала: В. Д. Ільіна (вядучы спецыяліст аддзела заканадаўства ў сферы аўтарскага і сумежных правоў упраўлення прававога і кадравага забеспячэння НЦІУ)

Вверх