Пытанне: У дагаворы з выдавецтвам пазначана сапраўднае імя аўтара. Ці з'яўляецца гэта парушэннем права на імя, калі твор ананімны або публікуецца пад псеўданімам?

Адказ: У адпаведнасці з часткай першай п. 1 арт. 18 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГК) грамадзянін набывае і ажыццяўляе правы і абавязкі пад сваім імем, якое ўключае прозвішча, уласнае імя і імя па бацьку (калі такое ёсць), калі іншае не выцякае з заканадаўства.

Так, складаючы дагавор з выдавецтвам, асоба ўказвае ў рэквізітах дагавора свае сапраўдныя прозвішча, уласнае імя і імя па бацьку (калі яно ёсць).

Згодна з часткай другой п. 1 арт. 18 ГК у выпадках і парадку, устаноўленых заканадаўствам, грамадзянін можа выкарыстоўваць псеўданім (прыдуманае імя). Так, у арт. 15 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З "Аб аўтарскім праве і сумежных правах" (далей – Закон аб аўтарскім праве) прадугледжана, што аўтару ў дачыненні да яго твора належаць асабістыя немаёмасныя правы, у тым ліку права на імя. Права на імя азначае права аўтара выкарыстоўваць самому, а таксама дазваляць іншым выкарыстоўваць твор у наступным парадку: пад сваім сапраўдным імем, пад выдуманым імем (псеўданімам), без абазначэння імя (ананімна) (абзац трэці часткі першай п. 1 арт. 15 Закона аб аўтарскім праве).

Зыходзячы з прыведзенага значэння права на імя можна зрабіць здагадку, што права на імя цесна звязана з выключным правам на твор (правам выкарыстоўваць твор) (п. 1 і частка першая п. 2 арт. 16 Закона аб аўтарскім праве). Аднак неабходна таксама ўлічваць, што асабістыя немаёмасныя правы належаць аўтару незалежна ад яго маёмасных правоў і захоўваюцца за ім у выпадку адчужэння, прадастаўлення або пераходу выключнага права на твор да іншай асобы (частка трэцяя п. 3 арт. 982 ГК, частка першая п. 2 арт. 15 Закона аб аўтарскім праве), а таксама тое, што праваадносіны, звязаныя з асабістымі немаёмаснымі правамі аўтара, маюць абсалютны характар, што азначае наяўнасць у нявызначанага круга асоб абавязку ўстрымацца ад любых дзеянняў, якія парушаюць дадзеныя правы.

Прывядзем наступны прыклад. Аўтар адчужае якой-небудзь асобе выключнае права на твор, які выкарыстоўваецца ананімна. У далейшым такая асоба адчужае выключнае права на твор назад гэтаму ж аўтару. Права аўтара на імя, як права выкарыстоўваць твор ананімна, працягвала дзейнічаць і ў той перыяд, калі аўтар не з'яўляўся ўладальнікам выключнага права і сам не мог выкарыстоўваць твор. Калі асоба, якой было адчужана выключнае права на твор ананімнага аўтара, раскрые імя апошняга, то пры вяртанні выключнага права такі аўтар ужо не зможа выкарыстоўваць твор ананімна, гэта значыць не зможа рэалізоўваць сваё асабістае немаёмаснае права на імя ўсімі даступнымі спосабамi.

Такім чынам, парушэнне права на імя можа мець месца з боку любога суб'екта, незалежна ад прыналежнасці такой асобе выключнага права на твор або права яго выкарыстання. Аўтар пры гэтым таксама можа як валодаць выключным правам на твор, так і не валодаць ім.

Мяркуем, што ўказанне ў дагаворы з выдавецтвам сапраўднага імя аўтара, калі твор з'яўляецца ананімным ці публікуецца пад псеўданімам, не з'яўляецца парушэннем асабістых немаёмасных правоў аўтара. У той жа час раскрыццё імя аўтара твора, які выдадзены ў свет пад псеўданімам ці ананімна, з'яўляецца неправамерным. Выдавецтва павінна паклапаціцца аб тым, каб імя аўтара не было раскрыта. Адпаведная ўмова можа быць уключана ў дагавор. У такім выпадку, апроч абсалютных праваадносін, будуць дзейнічаць адносныя праваадносіны паміж аўтарам і канкрэтным выдавецтвам аб абавязацельстве апошняга не раскрываць сапраўднае імя аўтара. Факт раскрыцця імя аўтара пацвярджаецца тым, што насуперак волі аўтара інфармацыя аб яго асобе стала даступнай для трэціх асоб.

07.2026
Падрыхтавала: П. І. Кацуба, спецыяліст аддзела заканадаўства ў сферы аўтарскага і сумежных правоў упраўлення прававога і кадравага забеспячэння НЦІУ