Пытанне: Непрафесійны (самадзейны, аматарскі, народны) калектыў мастацкай творчасці плануе да паказу спектаклі на камерцыйнай аснове з выкарыстаннем твораў і пастановак, якія ахоўваюцца аўтарскім правам і сумежнымі правамі.
Ці неабходна непрафесійнаму калектыву атрымліваць дазвол на выкарыстанне твораў і пастановак і выплачваць узнагароджанне аўтарам і іншым праваўладальнікам у такім выпадку?
Адказ: Для непрафесійных калектываў Закон Рэспублікі Беларусь ад 17.05.2011 № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» (далей – Закон) прадугледжвае магчымасць выкарыстання аб'ектаў аўтарскага права і сумежных правоў без згоды іх аўтараў або іншых праваўладальнікаў (далей – праваўладальнікі) і без выплаты ўзнагароджання за такое выкарыстанне (так званае свабоднае выкарыстанне).
У прыватнасці, п. 6 арт. 32 Закона дапускаецца публічнае выкананне твораў непрафесійнымі выканаўцамі і непрафесійнымі (самадзейнымі) калектывамі мастацкай творчасці, у тым ліку навучэнцамі, выхаванцамі, педагагічнымі і іншымі работнікамі ўстаноў адукацыі, пры ўмове, што такое выкарыстанне твораў не мае на мэце здабывання прыбытку.
Падкрэслім, што ў адпаведнасці з абзацам 2 п. 1 арт. 32 Закона выпадкі свабоднага выкарыстання, прадугледжаныя для твораў, распаўсюджваюцца таксама на выкананне (пастаноўкі).
Такім чынам, у выпадку выкарыстання твораў і аб'ектаў сумежных правоў (пастановак) у складзе спектакляў на камерцыйнай аснове непрафесійныя калектывы абавязаны атрымліваць прамую згоду іх праваўладальнікаў і выплачваць адпаведнае ўзнагароджанне, у выпадку калі не дадзена права на бязвыплатнае выкарыстанне.
Для правамернага выкарыстання твораў і пастановак у адпаведнасці з п. 1 арт. 51 Закона непрафесійныя калектывы таксама могуць заключыць дагаворы з Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці, які ўпаўнаважаны рэалізоўваць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь функцыі па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі праваўладальнікаў пры выкарыстанні твораў і аб'ектаў сумежных правоў.
02.2026
Падрыхтавала: К.С. Несцерава (вядучы спецыяліст аддзела вялікіх правоў упраўлення аўтарскага і сумежных правоў НЦІУ)