Пытанне: Ці можна выкарыстоўваць зарэгістраваны таварны знак, уносячы ў яго змяненні?

Адказ: Спосабы выкарыстання таварнага знака прыведзены ў п. 1 арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб таварных знаках і знаках абслугоўвання» ад 5 лютага 1993 г. № 2181-XII (далей – Закон аб таварных знаках):

выкарыстанне таварнага знака для індывідуалізацыі тавараў, у дачыненні да якіх зарэгістраваны таварны знак, ажыццяўляецца ў тым ліку шляхам прымянення таварнага знака:

на таварах, якія вырабляюцца, прапануюцца да продажу, прадаюцца ці іншым чынам уводзяцца ў грамадзянскі абарот, захоўваюцца, перавозяцца або ўвозяцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь у мэтах увядзення ў грамадзянскі абарот, а таксама на этыкетках, упакоўках такіх тавараў;

на дакументацыі, звязанай з увядзеннем тавараў у грамадзянскі абарот;

пры выкананні работ і (або) аказанні паслуг;

у рэкламе, друкаваных выданнях, на шыльдах, пры дэманстрацыі экспанатаў на выставах і кірмашах, якія праводзяцца ў Рэспубліцы Беларусь;

у глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт (у тым ліку ў даменным імені, пры іншых спосабах адрасавання).

Пералік спосабаў выкарыстання таварнага знака з'яўляецца адкрытым і азначае, што выкарыстанне таварнага знака можа таксама ажыццяўляцца іншымі спосабамі, якія не супярэчаць заканадаўству. Аб'ём прававой аховы таварнага знака або знака абслугоўвання вызначаецца зарэгістраваным пазначэннем (славесным, выяўленчым, камбінаваным ці іншым), за выключэннем яго неахоўных элементаў, з улікам названага ў пасведчанні на таварны знак або знак абслугоўвання пераліку тавараў і/або паслуг, для якіх гэты знак зарэгістраваны (п. 9 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 28 верасня 2005 г. № 9 «Аб некаторых пытаннях прымянення заканадаўства пры разглядзе грамадзянскіх спраў, звязаных з абаронай права на таварны знак і знак абслугоўвання»).

Такім чынам, выключнае права распаўсюджваецца толькі на тое абазначэнне, якое змяшчаецца ў пасведчанні. Пры гэтым выкарыстаннем таварнага знака можа прызнавацца яго выкарыстанне з нязначнымі змяненнямі асобных элементаў, якія не ўплываюць на яго распазнавальную здольнасць (п. 2 арт. 20 Закона аб таварных знаках). Паняцце "нязначных змяненняў асобных элементаў" з'яўляецца ацэначным, але можна сказаць, што калі агульнае візуальнае, фанетычнае або сэнсавае ўспрыманне пры унясенні змяненняў у таварны знак змяняецца, то канстатаваць выкарыстанне зарэгістраванага таварнага знака з пункту гледжання Закона аб таварных знаках будзе цяжка.

Напрыклад, калі прававая ахова прадастаўлена славеснаму абазначэнню, выкананаму стандартным шрыфтам, то наўрад ці можна лічыць яго выкарыстаннем нанясенне на этыкетку абазначэння ў пэўным колеры і стылізаваным шрыфтам, размешчанае ў кампазіцыі графічных элементаў. Або калі таварны знак зарэгістраваны літарамі кірылічнага алфавіту, то аб'ём яго прававой аховы не распаўсюджваецца на яго транслітарацыю літарамі лацінскага алфавіту.

Такім чынам, калі ўладальнік выкарыстоўвае заэгістраваны таварны знак са змяненнямі, якія будуць прызнаны значнымі, не заўсёды магчыма ўсталяваць парушэнне яго выключнага права. Або калі нядобрасумленны канкурэнт ажыццявіць мімікрыю пад ўпакоўку, у якой зарэгістраванае абазначэнне выкарыстоўваецца іншым чынам у параўнанні з названым у пасведчанні, у яго дзеяннях таксама не заўсёды атрымаецца канстатаваць наяўнасць парушэння выключнага права на таварны знак (а ў пэўных выпадках ён нават зможа зарэгістраваць падобны таварны знак на свае імя).

10.2025
Падрыхтавала: Урбановіч Юлія Віктараўна (начальнік аддзела дасудовага ўрэгулявання НЦІУ)