Пытанне: Ці можна выкарыстоўваць творы без дазволу аўтара?

Адказ: Аўтару ў дачыненні да яго твора (або іншаму праваўладальніку) належыць выключнае права на твор, гэта значыць права выкарыстоўваць твор па сваім меркаванні ў любой форме і любым спосабам, а таксама дазваляць або забараняць іншым асобам яго выкарыстанне (п. 1, частка першая п. 2 арт. 16 Закону Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» (далей – Закон)).

У Рэспубліцы Беларусь выключнае права на твор дзейнічае на працягу жыцця аўтара і сямідзесяці гадоў пасля яго смерці (частка другая п. 4 арт. 994 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь).

Такім чынам, на працягу тэрміну дзеяння выключнага права толькі аўтар або іншы праваўладальнік (напрыклад, спадчыннік аўтара) мае права сам выкарыстоўваць свой твор, дазваляць іншым асобам яго выкарыстоўваць, роўна як і забараняць яго выкарыстанне. У сувязі з гэтым для правамернага выкарыстання твора патрабуецца атрымаць дазвол аўтара (іншага праваўладальніка), які афармляецца шляхам заключэння ліцэнзійнага дагавора. Патрабаванні да ліцэнзійнага дагавора на твор прадугледжаны арт. 44 Закону.

Выключэннямі з правіла аб абавязковасці атрымання дазволу для выкарыстання твора з'яўляюцца выпадкі іх свабоднага выкарыстання, прадугледжаныя гл. 4 Закону. Да такіх выпадкаў адносяцца, напрыклад, цытаванне (п. 2 арт. 32 Закону), публічнае выкананне твораў непрафесійнымі выканаўцамі без мэты атрымання прыбытку (п. 6 арт. 32 Закону), узнаўленне твораў у адзінкавых экзэмплярах выключна ў асабістых мэтах (арт. 35 Закону) і многія іншыя.

Выкарыстанне твора без дазволу яго аўтара ці іншага праваўладальніка ў выпадках, якія не адносяцца да заканадаўча дазволенага свабоднага выкарыстання, з'яўляецца парушэннем выключнага права і цягне адказнасць, устаноўленую заканадаўчымі актамі (грамадзянска-прававую, адміністратыўную і крымінальную).

03.2026
Падрыхтавала: В. Д. Ільіна (вядучы спецыяліст аддзела заканадаўства ў сферы аўтарскага і сумежных правоў упраўлення прававога і кадравага забеспячэння НЦІУ)