Пытанне: Ці можна перадаць у калектыўнае кіраванне НЦІУ музычны твор (песню), калі верш да яго напісаны чалавекам, а музыка і выкананне (вакал) створаны штучным інтэлектам?

Адказ: Адносіны, якія ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем музычных твораў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, рэгулююцца Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» (далей – Закон).

Згодна з п. 1 арт. 5 і п. 1 арт. 6 Закона аўтарскае права распаўсюджваецца на творы навукі, літаратуры і мастацтва, якія з'яўляюцца вынікам творчай дзейнасці, існуюць у якой-небудзь аб'ектыўнай форме (пісьмовай, вуснай, электроннай і іншай форме), незалежна ад прызначэння і годнасці твораў.

У адпаведнасці з арт. 4 Закона аўтарам з'яўляецца фізічная асоба, творчай працай якой створаны твор.

Выканаўцам з'яўляецца акцёр, спявак, музыка ці іншая асоба, якая выконвае творы літаратуры, мастацтва з дапамогай акцёрскай гульні, спеваў, чытання, дэкламацыі, ігры на музычным інструменце, танца ці якім-небудзь іншым чынам, а таксама рэжысёр-пастаноўшчык спектакля і дырыжор.

Неабходна ўлічваць, што асноўнымі функцыямі НЦІУ з'яўляюцца збор, размеркаванне і выплата ўзнагароджання аўтарам і іншым праваўладальнікам, а таксама здзяйсненне юрыдычных дзеянняў, неабходных для абароны іх правоў (п. 1 арт. 49 Закона). Адпаведна, НЦІУ, выступаючы ў якасці арганізацыі па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі, не рэгіструе аўтарства як такое, а ажыццяўляе прыняцце і ўлік твораў, выкананняў і фанаграм ад праваўладальнікаў на падставе дагавораў з імі для мэт збору ўзнагароджання гэтым праваўладальнікам.

Пры гэтым праваўладальнікам з'яўляецца фізічная або юрыдычная асоба, якая валодае выключным правам на аб'ект аўтарскага права або сумежных правоў (арт. 4 Закона).

Такім чынам, у выпадку стварэння творчай працай фiзiчнай асобы (або некалькіх асоб) музычных твораў, тэкстаў да іх або выкананняў гэтых твораў праваўладальнік гэтых аб'ектаў мае права перадаць іх у калектыўнае кіраванне НЦІУ для мэт збору ўзнагароджання. Для гэтага такому праваўладальніку неабходна заключыць з НЦІУ дагавор аб кіраванні маёмаснымі правамі на творы.

У выпадку ж стварэння музычных твораў і выкананняў тэхналогіямі штучнага інтэлекту, без выкарыстання фізічнай асобай яго творчай працы, аўтарскае права і сумежныя правы на такія аб'екты не распаўсюджваюцца, а аўтарства ў дачыненні да гэтых аб'ектаў не ўзнікае.

Такім чынам, у разгляданай сітуацыі НЦІУ можа прыняць у калектыўнае кіраванне маёмасныя правы на музычны твор у частцы тэксту, у астатняй жа частцы ўказаны аб'ект (песня) не можа быць прыняты ў калектыўнае кіраванне.

03.2026
Падрыхтаваў: Лучанок А. І. (начальнік аддзела абароны правоў упраўлення аўтарскага і сумежных правоў НЦІУ)