Пытанне: Ці магчымае абмежаванне права аўтара на недатыкальнасць твора?

Адказ: Пры любых змяненнях твора для захавання права на недатыкальнасць твора неабходна атрымаць згоду аўтара на гэта (абзац чацвёрты часткі першай пункта 1 артыкула 15 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З "Аб аўтарскім праве і сумежных правах" (далей – Закон)). Варта ўлічваць, што адсутнасць прамой забароны не з'яўляецца згодай (дазволам) на ўнясенне ў твор змяненняў.

У Законе прама названы толькі адзін выпадак правамернага змянення твора без атрымання згоды аўтара, што ўяўляе сабой абмежаванне права аўтара на недатыкальнасць твора. Так, згодна з пунктам 6 артыкула 17 Закона наймальнік, які валодае выключным правам на службовы твор, мае права ўносіць у яго змяненні, скарачэнні і дапаўненні, выкліканыя неабходнасцю адаптацыі твора да канкрэтных умоў яго выкарыстання, без атрымання на гэта згоды аўтара службовага твора.

Фізічная асоба, якая валодае выключным правам на твор, можа ажыццяўляць яго перапрацоўку для стварэння вытворнага твора (адзін са спосабаў выкарыстання твора згодна з абзацам дванаццатым часткі другой пункта 2 артыкула 16 Закона). Пытанне аб суадносінах асабістых немаёмасных правоў аўтара і маёмасных правоў праваўладальніка ў дадзенай сітуацыі не ўрэгулявана ў дастатковай ступені.

З аднаго боку, наяўнасць выключнага права на твор дае аўтару ці іншаму праваўладальніку права выкарыстоўваць твор любым чынам, у тым ліку ажыццяўляць перапрацоўку. З іншага боку, пры выкарыстанні твора павінны выконвацца асабістыя немаёмасныя правы аўтара, у тым ліку права на недатыкальнасць твора.

Мяркуем, што пры перапрацоўцы твора для стварэння вытворнага твора таксама мае месца выпадак абмежавання права аўтара на недатыкальнасць твора, паколькі пры дадзеным выпадку выкарыстання твора неабходнасць узгаднення змяненняў з аўтарам абмяжоўвала б права чалавека на свабоду творчасці.

Адзначым таксама, што ў заканадаўстве замацавана прэзумпцыя творчасці, якая азначае, што твор прызнаецца створаным творчай працай, пакуль не ўстаноўлена іншае (частка другая пункта 2 артыкула 993 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь). Гэта прэзумпцыя распаўсюджваецца і на вытворныя творы, гэта значыць створаныя ў выніку перапрацоўкі першапачатковага твора (абзац дваццаць другі артыкула 4 Закона). Такім чынам, у выпадку ўзнікнення спрэчкі адсутнасць творчага характару перапрацоўкі твора неабходна даказаць.

12.2025
Падрыхтавалі: П. І. Кацуба (спецыяліст аддзела заканадаўства ў сферы аўтарскага і сумежных правоў упраўлення прававога і кадравага забеспячэння НЦІУ).