Пытанне: Ці ажыццяўляе Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ) прасоўванне аб'ектаў аўтарскага або сумежных правоў, у дачыненні да якіх праваўладальнікі перадалі НЦІУ паўнамоцтвы на калектыўнае кіраванне?

 Адказ: НЦІУ не прасоўвае аб'екты аўтарскага або сумежных правоў, у дачыненні да якіх праваўладальнікі перадалі НЦІУ паўнамоцтвы на калектыўнае кіраванне, не прадзюсуе аўтараў і іншых праваўладальнікаў, не падае іх аб'екты аўтарскага права або сумежных правоў для азнаямлення патэнцыйным карыстальнікам і не ажыццяўляе іншыя падобныя дзеянні, таму што згодна з п. 2 арт. 49 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» (Закон аб аўтарскім праве) арганізацыя па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі не мае права выкарыстоўваць творы і (або) аб'екты сумежных правоў, правы на якія перададзены ёй для кіравання на калектыўнай аснове.

Да функцый НЦІУ, як арганізацыі па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі, адносяцца наступныя (п. 1 арт. 49 Закона аб аўтарскім праве):

  • заключэнне з карыстальнікамі твораў і (або) аб'ектаў сумежных правоў ад свайго імя, але ў інтарэсах аўтараў ці іншых праваўладальнікаў дагавораў аб выкарыстанні пэўным спосабам твораў і (або) аб'ектаў сумежных правоў;
  • збор узнагароджання ў адпаведнасці з дагаворамі, заключанымі з карыстальнікамі, а таксама ў адпаведнасці з п. 3 арт. 35 Закона аб аўтарскім праве;
  • размеркаванне і выплата сабранага ўзнагароджання аўтарам ці іншым праваўладальнікам, у дачыненні да правоў якіх ажыццяўляецца калектыўнае кіраванне маёмаснымі правамі;
  • прадстаўленне ў судзе ў адпаведнасці з заканадаўствам інтарэсаў аўтараў або іншых праваўладальнікаў, правамі якіх НЦІУ кіруе, а таксама здзяйсненне іншых юрыдычных дзеянняў, неабходных для абароны правоў аўтараў ці іншых праваўладальнікаў;
  • іншыя дзеянні ў адпаведнасці з паўнамоцтвамі, атрыманымі ад аўтараў або іншых праваўладальнікаў, альбо ў адпаведнасці з п. 1-1 арт. 50 Закона аб аўтарскім праве.

30.04.2024
Т.П. Цэдрык (намеснік начальніка упраўлення аўтарскага і сумежных правоў - начальнік аддзела рэгістрацыі правоў НЦІУ), Д.Х. Градоўкіна (вядучы спецыяліст аддзела рэгістрацыі правоў кіравання аўтарскага і сумежных правоў НЦІУ)

Вверх