Пытанне: Што такое пісьмо-згода на рэгістрацыю абазначэння ў якасці таварнага знака? Які парадак яго прадстаўлення ў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці?
Адказ: Згодна з п. 1 арт. 5 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 лютага 1993 г. № 2181-XII «Аб таварных знаках і знаках абслугоўвання» (далей – Закон аб таварных знаках) не могуць быць зарэгістраваны ў якасці таварных знакаў абазначэнні, тоесныя або падобныя да ступені
змешвання з:
- зарэгістраванымі або заяўленымі на рэгістрацыю ў Рэспубліцы Беларусь на імя іншай асобы і з больш раннім прыярытэтам таварнымі знакамі ў адносінах да аднародных тавараў;
- таварнымі знакамі іншых асоб, якія ахоўваюцца ў Рэспубліцы Беларусь на аснове міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, у адносінах да аднастайных тавараў;
- таварнымі знакамі іншых асоб, прызнанымі агульнавядомымі ў Рэспубліцы Беларусь з даты больш ранняй, чым дата прыярытэту заяўленага абазначэння, у адносінах да любых тавараў.
Пры гэтым п. 2 таго ж артыкула Закона аб таварных знаках прадугледжана магчымасць пераадолення гэтай забароны ў тым выпадку, калі заяўленае на рэгістрацыю ў якасці таварнага знака абазначэнне з'яўляецца падобным да ступені змешвання з вышэйназванымі таварнымі знакамі (такім чынам, такая магчымасць не прадугледжана ў выпадку тоеснасці таварных знакаў). Так, згодна з дадзеным пунктам, рэгістрацыя такога абазначэння дапускаецца пры ўмове прадстаўлення пісьмовай
згоды ўладальніка супрацьпастаўленага таварнага знака (далей – пісьмо-згода). Тут варта звярнуць увагу, што названая норма мае дыспазітыўны характар, адпаведна, рашэнне аб прадастаўленні прававой аховы заяўленаму абазначэнню ў якасці таварнага знака прымаецца ўпаўнаважанымі асобамі ў залежнасці ад пэўных абставін.
Пісьмо-згода можа не прымацца да ўвагі ўпаўнаважанымі асобамі, у прыватнасці калі:
- ступень падабенства супрацьпастаўляных абазначэнняў блізкая да тоеснасці;
- аднастайнасць тавараў, указаных у пераліках заяўленага абазначэння і супрацьпастаўленага таварнага знака, не падвяргаецца сумненню;
- падабенства заяўленага абазначэння з зарэгістраваным таварным знакам можа прывесці да ўвядзення спажыўца ў зман;
- супрацьпастаўлены таварны знак прызначаны для індывідуалізацыі, напрыклад, тавараў шырокага спажывання і паўсядзённага попыту, лекавых прэпаратаў.
Такім чынам, у кантэксце заканадаўства аб таварных знаках пад пісьмом-згодай разумеецца афіцыйны дакумент, у якім уладальнік зарэгістраванага таварнага знака выказвае сваю згоду на рэгістрацыю ў якасці таварнага знака падобнага абазначэння на імя іншай асобы.
Пісьмо-згода можа быць прадстаўлена ў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці (далей – НЦІУ) на этапе правядзення экспертызы заяўкі, у тым ліку правядзення паўторнай экспертызы заяўленага на рэгістрацыю ў якасці таварнага знака абазначэння, а таксама на этапе абскарджання рашэння, прынятага па выніках паўторнай экспертызы заяўленага на рэгістрацыю ў якасці таварнага знака абазначэння, ў Апеляцыйны савет пры патэнтным органе (далей – Апеляцыйны савет).
Парадак прадстаўлення пісьма-згоды рэгламентаваны:
- пп. 25 і 180 Палажэння аб парадку рэгістрацыі таварнага знака і знака абслугоўвання, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 снежня 2009 г. № 1719 (далей – Палажэнне аб парадку рэгістрацыі таварнага знака);
- п. 45 Палажэння аб парадку падачы скаргаў, пярэчанняў, заяў і іх разгляду Апеляцыйным саветам пры патэнтным органе, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 жніўня 2020 г. № 499.
Патрабаванні, якія прад'яўляюцца да афармлення пісьма-згоды, указаны ў п. 180 Палажэння аб парадку рэгістрацыі таварнага знака. Так, пісьмо-згода складаецца ў адвольнай пісьмовай форме і павінна змяшчаць:
- поўныя звесткі аб асобе, якая дае згоду (дазвол) на рэгістрацыю таварнага знака, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць такую асобу ў якасці ўладальніка супрацьпастаўленага таварнага знака;
- поўныя звесткі аб асобе, якой выдаецца згода (дазвол) на рэгістрацыю заяўленага абазначэння ў якасці таварнага знака, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць такую асобу ў якасці заяўніка па заяўцы;
- згоду на рэгістрацыю заяўленага абазначэння ў якасці таварнага знака (нумар заяўкі і апісанне заяўленага абазначэння, на якое выдаецца згода на рэгістрацыю ў якасці таварнага знака);
- канкрэтны пералік тавараў, у адносінах да якіх уладальнік супрацьпастаўленага таварнага знака не пярэчыць супраць рэгістрацыі падобнага таварнага знака, або інфармацыю аб тым, што пісьмо-згода выдаецца ў адносінах да ўсіх заяўленых тавараў;
- дату складання дакумента і подпіс уладальніка супрацьпастаўленага таварнага знака.
Пісьмо-згода ад імя арганізацыі падпісваецца яе кіраўніком або іншай упаўнаважанай асобай з указаннем займаемай пасады, прозвішча і ініцыялаў. У выпадку калі яно падпісана асобай, упаўнаважанай уладальнікам супрацьпастаўленага таварнага знака, то да яго павінна прыкладацца даверанасць, якая пацвярджае паўнамоцтвы на выдачу згоды на рэгістрацыю заяўленага абазначэння ў якасці таварнага знака ад імя ўладальніка супрацьпастаўленага таварнага знака.
Таксама важна адзначыць, што пісьмо-згода і прыкладзеная да яго даверанасць (пры неабходнасці яе прадстаўлення) прадстаўляюцца ў НЦІУ ў арыгінале, прычым арыгінал пісьма-згоды далучаецца да матэрыялаў заяўкі на рэгістрацыю таварнага знака або да матэрыялаў справы Апеляцыйнага савета. Непрадстаўленне арыгіналаў гэтых дакументаў пры звароце ў НЦІУ з'яўляецца падставай для адмовы ў прадастаўленні прававой аховы заяўленаму на рэгістрацыю ў якасці таварнага знака абазначэнню.
Акрамя таго, неабходна адзначыць, што пісьмо-згода павінна быць прадстаўлена на беларускай, рускай ці іншай мове. У выпадку прадстаўлення такога дакумента на іншай мове да яго павінен прыкладацца пераклад на беларускую або рускую мову, падпісаны заяўнікам (для юрыдычнай асобы – кіраўніком або іншай упаўнаважанай асобай) або яго патэнтным павераным.
Звяртаем увагу, што з 2023 г. п. 180 Палажэння аб парадку рэгістрацыі таварнага знака ўстаноўлен безадзыўны характар пісьма-згоды, аб чым можа быць таксама ўказана ў самім пісьме.
03.2026
Падрыхтавала: І. С. Сяргейчык (вядучы спецыяліст аддзела дасудовага ўрэгулявання НЦІУ)