Праваўладальнік у мэтах прасоўвання сваіх музычных твораў дамовіўся з арганізатарам канцэрта аб тым, што не прэтэндуе на выплату аўтарскага ўзнагароджання. Якім чынам павінна быць аформлена такая адмова, калі маёмасныя правы на гэтыя творы перададзены ў калектыўнае кіраванне НЦІУ?
Адказ: У адпаведнасці з п. 1 арт. 50 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» аўтар або іншы праваўладальнік перадае паўнамоцтвы на калектыўнае кіраванне маёмаснымі правамі арганізацыі па калектыўным кіраванні маёмаснымі правамі (далей – АКК) на падставе заключанага з ёю дагавора аб кіраванні маёмаснымі правамі на творы.
У сваёй дзейнасці ў якасці АКК НЦІУ выкарыстоўвае тыпавую форму дагавора аб кіраванні маёмаснымі правамі на музычныя творы з тэкстам і без тэксту, якая зацверджана загадам генеральнага дырэктара НЦІУ (далей – дагавор аб кіраванні).
Згодна з п. 4 дагавора аб кіраванні ў рамках калектыўнага кіравання НЦІУ ў інтарэсах праваўладальніка, але ад свайго імя заключае з карыстальнікамі дагаворы аб выкарыстанні твораў. У такіх дагаворах з карыстальнікамі (іншымі плацельшчыкамі ўзнагароджання) менавіта НЦІУ вызначае ўмовы выкарыстання твораў, у тым ліку памер і (або) парадак разліку памеру ўзнагароджання за выкарыстанне твораў, а таксама парадак яго выплаты.
Такім чынам, паколькі праваўладальнік, заключыўшы дагавор аб кіраванні з НЦІУ, перадаў апошняму паўнамоцтвы на кіраванне маёмаснымі правамі на творы, з моманту заключэння гэтага дагавора праваўладальнік не можа самастойна і без апавяшчэння НЦІУ вырашаць, на якіх умовах тым ці іншым карыстальнікам будуць выкарыстоўвацца творы, правы на якія перададзены ў калектыўнае кiраванне.
Адпаведна, калі па якіх-небудзь прычынах праваўладальнік зацікаўлены, каб у рамках асобных культурна-відовішчных мерапрыемстваў яго творы выкарыстоўваліся без выплаты ўзнагароджання, ён павінен накіраваць адпаведную заяву ў адрас НЦІУ. Са свайго боку, НЦІУ, рэалізуючы функцыі АКК, урэгулюе дадзенае пытанне з канкрэтным карыстальнікам.
Пры гэтым звяртаем увагу, што, адмаўляючыся ад узнагароджання, якое размяркоўваецца на падставе справаздач карыстальнікаў, праваўладальнік адначасова адмаўляецца ад дадатковага ўзнагароджання, якое размяркоўваецца на падставе звестак статыстычнага характару па адпаведным сектары выкарыстання твораў.
03.2026
Падрыхтаваў: К. Г. Галімаў (начальнік упраўлення аўтарскага і сумежных правоў НЦІУ)