Пытанне: Калі твор знаходзіцца ў свабодным доступе ў Інтэрнеце, ці дзейнічаюць аўтарскія правы на яго?

Адказ: Многія памылкова мяркуюць, што як толькі твор трапляе ў Інтэрнэт і становіцца свабодна даступным любому, хто яго знойдзе, ён перастае ахоўвацца аўтарскім правам. Насамрэч дзеянне аўтарскіх правоў на твор не залежыць ад таго, з'яўляецца ён свабодна даступным ці не.

На твор, даступны ў Інтэрнеце, аўтарскія правы распаўсюджваюцца ў поўным аб'ёме, як і на тыя творы, якія ў Інтэрнеце не размешчаны. Так, у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 г. № 262-З «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» (далей – Закон) аўтару або іншаму праваўладальніку ў адносінах да яго твора належаць маёмасныя правы, у тым ліку выключнае права і права на ўзнагароджанне за яго выкарыстанне (п. 1, частка першая п. 2, п. 3 арт. 16, п. 4 арт. 44 Закону). Аўтару твора таксама належаць асабістыя немаёмасныя правы, у тым ліку права аўтарства, права на імя і права на недатыкальнасць твора (п. 1 арт. 15 Закону).

Такім чынам, выкарыстанне любога твора, нават калі ён размешчаны ў адкрытым доступе ў Інтэрнеце, павінна ажыццяўляцца з дазволу яго аўтара або іншага праваўладальніка. Выключэннямі з гэтага правіла з'яўляюцца выпадкі свабоднага выкарыстання, прадугледжаныя гл. 4 Закону, у якіх атрыманне дазволу праваўладальніка не патрабуецца.

Для афармлення дазволу на выкарыстанне твора заключаецца ліцэнзійны дагавор (патрабаванні да такога дагавору прадугледжаны арт. 44 Закону). Пры гэтым права выкарыстоўваць творы, размешчаныя ў Інтэрнеце, можа быць прадастаўлена па адкрытай
ліцэнзіі – ліцэнзійнаму дагавору, што заключаецца ў спрошчаным парадку (частка першая п. 1 арт. 45 Закону).

03.2026
Падрыхтавала: В. Д. Ільіна (вядучы спецыяліст аддзела заканадаўства ў сферы аўтарскага і сумежных правоў упраўлення прававога і кадравага забеспячэння НЦІУ)