Пытанне: Калі недакладна сфармуляваць ўмовы дагавора саступкі выключнага права, якія могуць быць наступствы?

Адказ: Недастаткова дакладна і вычарпальна сфармуляваныя ўмовы дагавора саступкі выключнага права могуць прывесці да таго, што такі дагавор можна будзе прызнаць незаключаным альбо ён будзе разглядацца ў якасці ліцэнзійнага дагавора, які не дае ліцэнзіяту такіх шырокіх паўнамоцтваў, як у набытчыка выключнага права па дагавору саступкі.

Так, згодна з арт. 402 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ГК) дагавор лічыцца заключаным, калі паміж бакамі ў патрабаванай форме дасягнута пагадненне па ўсіх істотных умовах дагавора. Істотнымі з'яўляюцца ўмовы аб прадмеце дагавора, умовы, якія названы ў заканадаўстве як істотныя, неабходныя або абавязковыя для дагавораў гэтага віду, а таксама ўсе тыя ўмовы, адносна якіх па заяве аднаго з бакоў павінна быць дасягнута пагадненне.

У адпаведнасці з п. 2 арт. 985 ГК да дагавора, які змяшчае элементы як дагавора саступкі выключнага права, так і ліцэнзійнага дагавора, прымяняюцца правілы аб ліцэнзійным дагаворы. Дагавор, які прадугледжвае прадастаўленне іншай асобе права на аб'ект інтэлектуальнай уласнасці, у якім не пазначана аб адчужэнні выключнага права на такі аб'ект, прызнаецца ліцэнзійным дагаворам.

Таксама звяртаем увагу, што пры заключэнні дагавора саступкі праваўладальнік згодна з п. 4 арт. 986 ГК абавязаны перадаць набытчыку выключнае права свабодным ад правоў трэціх асоб, за выключэннем выпадку, калі набытчык пагадзіўся набыць выключнае права, абцяжаранае правамі трэціх асоб. Трэба ўлічваць, што парушэнне праваўладальнікам гэтага абавязку дае набытчыку права патрабаваць скасавання дагавора і кампенсацыі прычыненых яму страт.

12.2024
Падрыхтавалі: Т.П. Цэдрык (намеснік начальніка упраўлення аўтарскага і сумежных правоў - начальнік аддзела рэгістрацыі правоў НЦІУ), Д.Х. Градоўкіна (вядучы спецыяліст аддзела рэгістрацыі правоў кіравання аўтарскага і сумежных правоў НЦІУ)

Вверх