Апублікаваны Закон Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях прававой аховы аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці»

25 ліпеня 2026 г. на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь апублікаваны Закон Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2026 г. № 170-З «Аб змяненні законаў па пытаннях прававой аховы аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці» (далей — Закон), работа па падрыхтоўцы якога вялася 2,5 года.

Законам прадугледжана ўнясенне змяненняў ва ўсе 6 спецыяльных законаў у сферы інтэлектуальнай уласнасці, а таксама змяненняў, якія закранаюць пытанні інтэлектуальнай уласнасці, у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь, законы Рэспублікі Беларусь «Аб навукова-тэхнічнай інфармацыі» і «Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)».

Прадугледжаныя Законам змяненні накіраваны на:
аптымізацыю адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляе Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці ў рамках дзейнасці па прадастаўленні прававой аховы аб'ектам інтэлектуальнай уласнасці;
прывядзенне заканадаўства ў сферы інтэлектуальнай уласнасці ў адпаведнасць з Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь і іншымі заканадаўчымі актамі;
ўрэгуляванне пытанняў правапрымяняльнай практыкі.

Так, у мэтах аптымізацыі адміністрацыйных працэдур Законам прадугледжана скарачэнне тэрмінаў здзяйснення асобных юрыдычна значных дзеянняў, звязаных з прававой аховай аб'ектаў права прамысловай уласнасці. Напрыклад, скарачаюцца тэрміны экспертызы пазначэння, заяўленага на рэгістрацыю ў якасці таварнага знака, з 2-х гадоў да 1-га года; тэрміны публікацыі звестак аб выдачы патэнта ў дачыненні да вынаходстваў, карысных мадэляў і прамысловых узораў — з 3-х месяцаў да 20 працоўных дзён; тэрміны выдачы пасведчанняў у дачыненні да таварных знакаў і геаграфічных пазначэнняў з аднаго месяца да 5 працоўных дзён.

Таксама Законам прадугледжана вызваленне заяўніка ад прадастаўлення ў патэнтны орган дакумента аб уплаце патэнтнай пошліны. Патрабаванне аб прадастаўленні названага дакумента замяняецца патрабаваннем прадастаўлення звестак, якія пацвярджаюць уплату патэнтнай пошліны, якія будуць паказвацца ў заяўных дакументах.

Акрамя гэтага, па аналогіі з існуючай практыкай у Расійскай Федэрацыі і Еўразійскім патэнтным ведамстве Законам прадугледжана вызваленне патэнтных павераных ад прадстаўлення даверанасці пры падачы заяўкі ў патэнтны орган. Умовы і патрабаванні да прадстаўлення даверанасці ў патэнтны орган будуць вызначацца Урадам. Так, напрыклад, прадастаўленне даверанасці будзе абавязковым пры адклікванні пададзенай у патэнтны орган заяўкі ў дачыненні да аб'екта права прамысловай уласнасці, унясенні змяненняў у паказанне заяўніка.

Змяненні, накіраваныя на прывядзенне заканадаўства ў адпаведнасць з Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь, у асноўным носяць рэдакцыйна-тэхнічны характар, напрыклад тэрмін «селекцыйнае дасягненне» замяняецца тэрмінамі «сорт расліны і парода жывёлы», тэрмін «рэгістрацыя» — тэрмінам «дзяржаўная рэгістрацыя», тэрмін «перадача» — тэрмінам «адчужэнне».

У адпаведнасці з патрабаваннямі Закона Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах» Законам прадугледжана замацаванне за Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях (далей — ГКНТ) шэрагу паўнамоцтваў, якія яны фактычна ўжо ажыццяўляюць, але ў заканадаўчых актах не ўстаноўлены. Напрыклад, за Урадам замацоўваецца паўнамоцтва на рэгуляванне адносін, звязаных з дзейнасцю патэнтных павераных Рэспублікі Беларусь, а за ГКНТ — на ўстанаўленне парадку вядзення пераліку агульнавядомых таварных знакаў і выдачы выпісак з яго, складу зносімых у пералік агульнавядомых таварных знакаў звестак.

З улікам правапрымяняльнай практыкі Законам канкрэтызуюцца і ўніфікуюцца палажэнні аб службовых аб'ектах права прамысловай уласнасці, якія змяшчаюцца ў законах аб вынаходствах, карысных мадэлях, прамысловых узорах, сартах раслін і тапалогіях інтэгральных мікрасхем. Так, напрыклад, канкрэтызуюцца дзеянні, за якія работніку-аўтару службовага аб'екта выплачваецца ўзнагароджанне (за стварэнне, выкарыстанне такіх аб'ектаў, у тым ліку за іх выкарыстанне трэцімі асобамі, з якімі наймальнік заключыў ліцэнзійны дагавор, а таксама за адчуждэнне належнага наймальніку выключнага права).

Акрамя таго, у адпаведнасці з Законам за наймальнікам замацоўваецца абавязак па выплаце ўзнагароджання аўтару за службовы аб'ект права прамысловай уласнасці, створаны ў рамках выканання дагавораў, выканаўцам па якіх з'яўляецца наймальнік і правы на які належаць заказчыку.

У мэтах комплекснага рэгулявання пытанняў выплаты ўзнагароджання аўтарам асобных аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, у тым ліку сакрэтаў вытворчасці (ноу-хау), палажэнні аб выплаце названага ўзнагароджання, якія змяшчаюцца ў цяперашні час у Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 верасня 2009 г. № 441 «Аб дадатковых мерах па стымуляванні навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці», перанесены ў адпаведныя заканадаўчыя акты, а таксама ў асобны артыкул Закона, што дазволіць захаваць існуючую ў цяперашні час сістэму выплаты ўзнагароджання, устаноўленую названым Указам.

Прадугледжаныя Законам змяненні ў Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь закранаюць устанаўленне магчымасці аднаразовай уплаты патэнтных пошлін за асобныя юрыдычна значныя дзеянні ў мэтах разгляду заявак у дачыненні да аб'ектаў права прамысловай уласнасці ў праактыўным фармаце; замены патрабавання прадастаўлення дакумента аб уплаце патэнтнай пошліны патрабаваннем аб прадастаўленні звестак аб такой уплаце; прывядзення тэрміналогіі названага кодэкса ў адпаведнасць Законам і Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з Законам у частку першую артыкула 11 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 1999 г. № 250-З «Аб навукова-тэхнічнай інфармацыі» з улікам пункта 1 артыкула 45 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь уносіцца праўка рэдакцыйна-тэхнічнага характару, якая прадугледжвае замену слова «прадметам» словам «мэтай».

Змяненні ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 13 ліпеня 2012 г. № 419-З «Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)» таксама нясуць рэдакцыйна-тэхнічны характар і прадугледжваюць замену слоў «селекцыйныя дасягненні» словамі «сарты раслін, пароды жывёл».

Асобны артыкул Закона закранае дзейнасць патэнтных павераных Рэспублікі Беларусь, як прафесійных удзельнікаў адносін у сферы інтэлектуальнай уласнасці, а таксама кампетэнцыю Урада і ГКНТ на прававое рэгуляванне такой дзейнасці.

Істотныя змяненні ўнесены ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах».

Так, пашыраюцца віды мерапрыемстваў, у рамках якіх могуць выкарыстоўвацца музычныя творы без згоды аўтара, але з выплатай яму ўзнагароджання. Да культурных мерапрыемстваў, якія маюць дзяржаўнае, палітычнае, гістарычнае, ідэалагічнае, міжнароднае ці грамадскае значэнне, фінансуюцца цалкам ці часткова за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў і прысвечаных дзяржаўным святам, святочным дням і памятным датам альбо важным падзеям у жыцці дзяржавы і грамадства, дадаюцца грамадска-палітычныя, спартыўныя і спартыўна-масавыя мерапрыемствы, якія таксама павінны адпавядаць названым крытэрыям.

Такое змяненне прапанавана Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і накіравана на спрашчэнне парадку выкарыстання музычных твораў у рамках правядзення названых мерапрыемстваў.

Акрамя гэтага, Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» дапаўняецца новым выпадкам свабоднага выкарыстання музычных твораў, у адпаведнасці з якім юрыдычныя асобы — рэдакцыі тэлевізійных СМІ змогуць выкарыстоўваць музычныя творы без дазволу праваўладальнікаў, але з выплатай ім узнагароджання для стварэння і распаўсюджвання асобных тэлеперадач і тэлефільмаў, якія ўваходзяць у абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм. Пералік такіх тэлеперадач і тэлефільмаў будзе ўстанаўлівацца Міністэрствам інфармацыі і размяшчацца на яго афіцыйным сайце.

Гэта змяненне прапанавана Белтэлерадыёкампаніяй і звязана з неабходнасцю аператыўнага ўрэгулявання пытанняў выкарыстання музычных твораў пры стварэнні тэлепраграм і тэлефільмаў.

Самым канцэптуальным навовведзеннем, прадугледжаным Законам, з'яўляецца ўключэнне ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» артыкула аб прымусовай ліцэнзіі.

Гэта новы для нацыянальнага заканадаўства ў сферы аўтарскага права і сумежных праваў прававы механізм, які прадугледжвае магчымасць правамерна выкарыстоўваць аб'екты аўтарскага права і сумежных праваў без дазволу, але з выплатай узнагароджання, калі аўтар адмовіўся ад заключэння ці не даў згоды на заключэнне ліцэнзійнага дагавора на ўмовах, якія адпавядаюць усталяванай практыцы.

Пры гэтым прымусовая ліцэнзія будзе выдавацца толькі для выкарыстання аб'ектаў аўтарскага права і сумежных праваў дзяржаўнымі арганізацыямі ў рамках правядзення грамадска-палітычных, адукацыйных, культурных, спартыўных, спартыўна-масавых мерапрыемстваў, стварэння і выкарыстання кінафільмаў, тэлефільмаў, відэафільмаў і іншых кіно- і тэлевытвораў, у тым ліку тэлеперадач, ажыццяўлення перадач арганізацый вяшчання.

Прымусовыя ліцэнзіі будуць выдавацца ГКНТ на падставе прапаноў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, якія рэалізуюць дзяржаўную палітыку і ажыццяўляюць прававое рэгуляванне і кіраванне ў вызначанай галіне, да якой адносіцца правядзенне мерапрыемства, стварэнне і выкарыстанне фільмаў і іншых кіно- і тэлевытвораў, ажыццяўленне перадач арганізацый вяшчання (напрыклад, па прапанове Міністэрства інфармацыі або Міністэрства спорту).

Такім чынам, Закон дазволіць:
скараціць тэрміны здзяйснення асобных юрыдычна значных дзеянняў, а таксама пералік прадстаўляемых заяўнікам дакументаў у рамках ажыццяўлення Нацыянальным цэнтрам інтэлектуальнай уласнасці адміністрацыйных працэдур;
стымуляваць аўтараў службовых аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці на стварэнне такіх аб'ектаў;
аператыўна выкарыстоўваць музычныя творы ў рамках тэлеперадач і тэлефільмаў, распаўсюджваных праз тэлепраграмы, якія ўваходзяць у абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм;
выкарыстоўваць аб'екты аўтарскага права і сумежных праваў у рамках правядзення грамадска-палітычных, адукацыйных, культурных, спартыўных, спартыўна-масавых мерапрыемстваў, стварэння і выкарыстання кінафільмаў, тэлефільмаў, відэафільмаў і іншых кіно- і тэлевытвораў, у тым ліку тэлеперадач, ажыццяўлення перадач арганізацый вяшчання, якія маюць важнае дзяржаўнае, палітычнае, грамадскае, культурнае, гістарычнае ці ідэалагічнае значэнне і фінансуюцца цалкам ці часткова за кошт сродкаў рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў.

Законам прадугледжаны розны тэрмін уступлення яго палажэнняў у сілу.

Так, палажэнні аб унясенні змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах», якія патрабуюць прыняцця падзаконных нарматыўных прававых актаў і пры гэтым хутчэйшага прымянення, уступяць у сілу 26 студзеня 2027 г. (праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання Закона).

Палажэнні Закона, якія датычацца ўнясення змяненняў у законы Рэспублікі Беларусь ад 5 лютага 1993 г. № 2181-XII «Аб таварных знаках і знаках абслугоўвання», ад 13 красавіка 1995 г. № 3725-XII «Аб патэнтах на сарты раслін», ад 7 снежня 1998 г. № 214-З «Аб прававой ахове тапалогій інтэгральных мікрасхем», ад 17 ліпеня 2002 г. № 127-З «Аб геаграфічных пазначэннях», ад 16 снежня 2002 г. № 160-З «Аб патэнтах на вынаходствы, карысныя мадэлі, прамысловыя ўзоры», Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь, а таксама артыкулы Закона, якія датычацца ўзнагароджання аўтарам аб'ектаў права прамысловай уласнасці і патэнтных павераных, уступяць у сілу 26 ліпеня 2027 г. (праз год пасля афіцыйнага апублікавання Закона).

Іншыя палажэнні Закона, у тым ліку якія датычацца прымусовай ліцэнзіі, уступілі ў сілу 26 ліпеня 2026 г. (пасля афіцыйнага апублікавання Закона).

Закон змяшчае пераходныя палажэнні, якія датычацца тэрміна дзеяння аўтарскага права і заявак у дачыненні да аб'ектаў права прамысловай уласнасці, разгляд якіх будзе пачаты, але не завершаны да 26 ліпеня 2027 г.

Так, тэрмін дзеяння выключнага права на твор, прадугледжаны пунктам 2, часткай першай пункта 3 і пунктам 4 артыкула 20 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» (на працягу жыцця аўтара і 70-ці гадоў пасля яго смерці), распаўсюджваецца на творы, выключнае права на якія дзейнічала на 19 лістапада 2024 г. (на дату ўступлення ў сілу змяненняў у Грамадзянскі кодэкс Рэспублікі Беларусь, якія закранаюць павелічэнне тэрміна дзеяння аўтарскага права з 50 да 70 гадоў пасля смерці аўтара) або ўзнікла пасля названай даты.

Заяўкі на выдачу патэнта на вынаходства, карысную мадэль, прамысловы ўзор, сорт расліны, на дзяржаўную рэгістрацыю тапалогіі інтэгральных мікрасхем, таварнага знака і знака абслугоўвання, на прадастаўленне права карыстання геаграфічным пазначэннем, разгляд якіх пачаты, але не завершаны да 26 ліпеня 2027 г., будуць разглядацца патэнтным органам у парадку і тэрміны, якія дзейнічалі да названай даты.

У сувязі з прыняццем Закона спатрэбіцца прывядзенне ў адпаведнасць з ім падзаконных нарматыўных прававых актаў.

07.2026
Падрыхтавала: Т.У. Кавалеўская (саветнік па юрыдычных пытаннях упраўлення прававога і кадравага забеспячэння НЦІУ)