30.05.2025

Аляксей Васільевіч Кузьміч нарадзіўся 1 чэрвеня 1945 г. у в. Махро Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў мнагадзетнай сялянскай сям’і. Скончыў аддзяленне жывапісу Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута, дзе некаторы час працаваў выкладчыкам. Дыпломнай работай стала карціна «Раніца вугальнага кар’ера», для напісання якой ён ездзіў спецыяльна ў шахцёрскі Кузбас.

Галоўнай у творчасці мастака стала тэма мацярынства. Аляксей Кузьмiч стварыў каля тысячы палотнаў, у якiх нястомна шукаў iдэал беларускай жанчыны: звяртаўся да сівай даўнiны («Ефрасiння Полацкая», «Плач Рагнеды» (1990), ствараў вобразы славутых беларусак ХХ ст. (партрэты народных артыстак СССР Г. Макаравай, С. Станюты), маляваў безыменных беларусак, ад якiх не адвесцi вачэй («Дзяўчына i кветкi» (1977), «Старасць» (1986), «Мiнская Мадонна» (1989)). Мастак услаўляў жанчыну, яе прыгажосць, ахвярнасць, раскрываў свету чароўны вобраз жанчыны-беларускi, а праз яе апавядаў i пра саму Беларусь.

У 1989 г. у мінскім Палацы мастацтва адбылася першая персанальная выстаўка. Творы А. Кузьміча своеасаблівыя не толькі па тэматыцы, але і па колеры. Мастак не карыстаўся цёмнымі фарбамі: уся колеравая гама стварае адзіны цёпла-залацісты тон, ад якога зыходзіць асаблівае сонечнае святло.

Пошукі творчай самабытнасці прывялі А. Кузьміча да напісання партрэтаў, якія мастак ствараў з асаблівым хваляваннем. Ён аўтар партрэтаў акцёраў У. Гасцюхіна, З. Стомы, М. Яроменкі, кінарэжысёраў М. Пташука, В. Турава, пісьменнікаў А. Адамовіча, У. Ліпскага і інш. Тэму трагедыі народа раскрыў А. Кузьміч у палотнах «Прысвячэнне Чарнобылю» (1988), «Дзецям Чарнобыля» і «Перавернуты свет» (1990), «Рэквіем» (1991-1992) і інш.

Аляксей Кузьміч займае своеасаблівае месца ў беларускай культуры і ў мастацтве ўсяго свету. Персанальныя выстаўкі мастака праходзілі ў гарадах Беларусі, а таксама ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Таліне, Генуі, Стакгольме, Нью-Ёрку. Ён з’яўляецца акадэмікам Міжнароднай Кірыла-Мяфодзіеўскай акадэміі славянскай асветы, імя жывапісца ўключана ў нямецкую энцыклапедыю «Мастакі ўсіх часоў і народаў». Творы А. Кузьміча знаходзяцца ў шматлікіх музеях свету.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).

Фота: НЦІУ

Вверх