Беларусь у асобах: Корш-Саблін Уладзімір Уладзіміравіч

28 марта 2025

Цікавае

Нарадзіўся Уладзімір Корш-Саблін 29 сакавіка 1900 г. у Маскве ў сям’і выдаўца Уладзіміра Міхайлавіча Сабліна. Яго дзедам быў вядомы тэатральны дзеяч Фёдар Корш. З 17 гадоў У. Корш-Саблін працаваў у розных тэатрах пад прозвішчам дзеда. Служыў у кавалерыі памочнікам і ад’ютантам камандзіра палка. Удзельнічаў у штурме Перакопа.

У 1923 г. запрошаны ў якасці ваеннага кансультанта на здымкі фільма. Тады і пачалося яго захапленне кінематографам, якое падтрымаў сваяк, вядомы акцёр, драматург і пачынаючы кінарэжысёр Ю. Тарыч. Пад яго кіраўніцтвам на працягу 1925-1929 гг. У. Корш-Саблін як асістэнт рэжысёра і акцёр удзельнічаў у стварэнні фільмаў «Крылы халопа», «Першыя агні», першага ігравога беларускага фільма «Лясная быль» (паводле аповесці М. Чарота) і інш.

У 1929 г. У. Корш-Саблін прыступіў да стварэння сваёй першай самастойнай стужкі «У агні народжаная», прысвечанай 10-годдзю БССР. Яму пашанцавала выпусціць на экраны першы гукавы фільм беларускага кіно «Першы ўзвод» («Заходні фронт», 1933). Гісторыка-рэвалюцыйная праблематыка знайшла працяг у мастацкіх фільмах «Вогненныя гады» (1939); «Канстанцін Заслонаў» (1949, разам з А. Файнцымерам, Дзяржаўная прэмія СССР 1950); «Масква – Генуя» (1964, сумесна з А. Спешневым і П. Армандам, Дзяржаўная прэмія Беларусі 1968).

Вялікім поспехам карысталіся ў гледачоў розных пакаленняў лірычныя камедыі У. Корш-Сабліна «Шукальнікі шчасця» (1936) і «Маё каханне» (1940). У гады Вялікай Айчыннай вайны рэжысер ва ўмовах блакады ў Ленінградзе рыхтаваўся да пастаноўкі фільма-казкі «Каваль Вярнідуб» беларускага дзіцячага пісьменніка А. Якімовіча, а пасля эвакуацыі з Ленінграда ў Алма-Ату кіраваў групай франтавых аператараў, якія знялі дакументальны фільм «Вызваленне Беларусі» (1944).

Пасля вайны Уладзімір Корш-Саблін стварыў фільм аб адраджэнні вёскі «Новы дом» (1947), ідылічную кінааповесць пра вёску «Пасеялі дзяўчаты лён» (1956), ажыццявіў экранізацыю п’ес выдатнага драматурга К. Крапівы «Пяюць жаваранкі» (1953) і «Хто смяецца апошнім» (1955). Паводле трылогіі Я. Коласа «На ростанях» зняў фільм «Першыя выпрабаванні» (1960–1961).

Кінарэжысер шмат увагі аддаваў творчым справам кінастудыі «Беларусьфільм», мастацкім кіраўніком якой ён быў (1945-1960 гг., 1969-1974 гг.), а таксама Саюзу кінематаграфістаў БССР, які ўзначальваў з 1957 па 1974 г. За сваё творчае жыццё Уладзімір Корш-Саблін атрымаў усе магчымыя званні, тытулы, узнагароды ў сферы кіно і назаўсёды ўвайшоў у гісторыю беларускага кінамастацтва.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фота: НЦІУ