Беларусь у асобах: Голуб Іван Антонавіч

31 октября 2025

Цікавае

Іван Антонавіч Голуб нарадзіўся 30 кастрычніка 1950 г. у вёсцы Пад'ясёнка Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію (1974). Працаваў галоўным аграномам калгаса «Чырвоны факел» Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці, галоўным аграномам калгаса імя Чапаева і старшынёй калгаса «Чырвоны Кастрычнік» Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. З 1984 г. – дырэктар эксперыментальнай базы «Вусце» Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, у 1998-1999 гг. – старшыня Аршанскага райвыканкама, у 1999-2001 гг. – прарэктар па навуковай рабоце ў аршанскім філіяле Беларускага камерцыйнага ўніверсітэта кіравання. З 2001 г. – дырэктар Інстытута лёну Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Навуковыя працы І. Голуба – у галіне селекцыі сартоў і распрацоўкі тэхналогій вырошчвання і перапрацоўкі лёну-даўгунцу і лёну алейнага. Вучоны выступіў ініцыятарам навуковых даследаванняў па селекцыі сартоў лёну-даўгунцу розных груп спеласці, устойлівых да палягання і паразы асноўнымі хваробамі, з высокай якасцю валакна, а таксама па такіх новых напрамках, як распрацоўка і ўкараненне ў селекцыйны працэс лёну-даўгунцу малекулярна-біяхімічных метадаў генетычнага аналізу; вывучэнне метадаў адбору формаў лёну-даўгунцу з высокай якасцю валакна на пачатковых этапах селекцыі.

З удзелам Івана Голуба створана 10 сартоў лёну-даўгунцу, 5 сартоў лёну алейнага, раяніравана 6 сартоў лёну-даўгунцу і 3 сарты лёну алейнага ў Расійскай Федэрацыі. Вучоным распрацавана ўдасканаленая сістэма насенняводства айчынных сартоў лёну-даўгунцу з мэтай паскарэння іх аднаўлення.

Аўтар больш за 270 навуковых прац, уключаючы 11 манаграфій. Распрацаваў тэхналогіі прымянення новых комплексаў мікраэлементаў з рэгулятарамі росту, прымянення вадкіх комплексных формаў (якія змяшчаюць хелат) для лёну-даўгунцу і лёну алейнага, сістэму абароны пасеваў лёну ад кальцыевага хларозу; комплекс рэкамендацый па інкруставанні насення лёну, рацыянальным выкарыстанні новых формаў комплексных угнаенняў, прымяненню мікрабіялагічных прэпаратаў для апрацоўкі насення і расянога вылежвання лёну, якія спрыяюць атрыманню высакаякаснай трэсты (ільняной саломы, апрацаванай тэрмічна, біялагічна або хімічна).

І. Голуб узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1988), медалямі. Прэмія НАН Беларусі (2013) за цыкл работ «Інавацыйныя тэхналогіі вырошчвання лёну ў Рэспубліцы Беларусь». Мае званне пачотнага доктара Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).

Фота: НЦІУ