Святлана Канстанцінаўна Швайбовіч нарадзілася 30 жніўня 1949 г. у Капылі Мінскай вобласці. Скончыла Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава (1973). Па размеркаванні была накіравана ў родны горад, дзе ў той час адкрыўся філіял Мінскага мастацка-вытворчага камбіната Мастацкага фонду БССР. Працавала ў галіне мастацкага афармлення і дызайну асяроддзя.
Палотны і малюнкі С. Швайбовіч прадстаўлены ў розных жанрах –пейзаж, партрэт, нацюрморт, монатыпія. Работы не раз экспанаваліся на розных выставах афарміцельскага мастацтва. У 1993 г. была прынята ў Саюз мастакоў Беларусі ў секцыю мастацкага праектавання.
Дзякуючы яе карпатлівай рабоце разам з мужам, мастаком Уладзімірам Піліпавічам Швайбовічам, Капыль стаў набываць свой эстэтычны выгляд: непаўторны інтэр’ер і экстэр’ер устаноў і будынкаў, пано, вітражы, аб’ёмная пластыка – усё гэта стваралася на вачах у капылян.
Паралельна з асноўнай дзейнасцю выкладала выяўленчае мастацтва ў Капыльскім доме піянераў і дзіцячай школе мастацтваў. Мае вышэйшую катэгорыю настаўніка. Святлана Швайбовіч многа гадоў удзельнічала ў выставах жанчын – членаў Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь. Яе непаўторныя карціны экспанаваліся на рэспубліканскіх і абласных выставах настаўнікаў выяўленчага мастацтва. І заўсёды аўтар твораў адзначалася за арыгінальную тэхніку і прафесіяналізм.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).