30.01.2026

Ларыса Іванаўна Данілава нарадзілася 30 студзеня 1956 г. у г. п. Поразава Свіслацкага раёну Гродзенскай вобласці.

Скончыла з адзнакай лячэбны факультэт Мінскага дзяржаўнага медыцынскага інстытута (1979). Працавала тэрапеўтам у 1-й гарадской клінічнай бальніцы. Вучылася ў аспірантуры на кафедры тэрапіі Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканалення ўрачоў пад кіраўніцтвам прафесара А. С. Чыжа і прафесара І. Б. Ліўшыца (1985).

З 1985 г. – асістэнт кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага інстытута ўдасканалення ўрачоў. З 1991 г. загадвала лабараторыяй дыягностыкі і карэкцыі эндакрынных парушэнняў дарослага насельніцтва НДІ радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі.

Кандыдацкая дысертацыя на тэму «Пролактотропная и ренин-ангиотензин-альдостероновая системы при гломерулонефрите» (1987), доктарская дысертацыя «Клинико-патогенетические механизмы формирования аутоиммунных заболеваний щитовидной железы у жителей Беларуси» (1999). Вучонае званне прафесара з 2001 г.

З 2022 г. па цяперашні час Ларыса Данілава – загадчык кафедры клінічнай эндакрыналогіі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў аховы здароўя Беларускага дзяржаўнага медыцынскага універсітэта (БДМУ).

Ларыса Іванаўна з'яўляецца старшынёй Беларускай асацыяцыі эндакрынолагаў, а таксама членам міжнародных асацыяцый па дыябеце і эндакрыналогіі. Аказвае рэспубліканскую лячэбна-дыягнастычную кансультатыўную дапамогу і неадкладную эндакрыналагічную дапамогу.

У якасці навуковага кіраўніка вучоным падрыхтавана 15 кандыдацкіх і 2 доктарскія даследаванні.

Л. Данілава – аўтар больш за 300 публікацый, 6 манаграфій. Выступае з дакладамі на рэспубліканскіх, міжнародных канферэнцыях, кангрэсах. Як старшыня камісіі па біяэтыцы і развіцці доказнай медыцыны пры экспертным Савеце па ахове здароўя пры Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў – удзельніц СНД прымае ўдзел у пасяджэннях, семінарах па развіцці нацыянальнага здароўя ў СНД, прынцыпаў доказнай медыцыны, біяэтыкі ў сістэме грамадскага здароўя і медыцынскай практыкі.

Узнагароджана Ганаровымі граматамі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, Вышэйшай атэстацыйнай камісіі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, значком «Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь», медалём «Францыска Скарыны».

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram, VK).

Фота: Злата Лукашэвіч

Вверх