Анры Барысавіч Янпольскі нарадзіўся 30 жніўня 1935 г. у Мінску. Яго станаўленнем як музыканта кіравалі выдатныя майстры скрыпічнай школы: у сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі прафесар А. Н. Амітон, а ў Маскоўскай кансерваторыі – бліскучы скрыпач ХХ стагоддзя, народны артыст СССР, лаўрэат Ленінскай прэміі Л. Б. Коган.
Яшчэ ў гады вучобы Анры Янпольскі з поспехам выступае ў лепшых канцэртных залах Мінска і Масквы. Яго выканальніцкай манеры ўласцівыя артыстызм, глыбіня пачуццяў, эмацыйнасць, тэхнічная бездакорнасць, высокі густ. Скончыўшы з адзнакай Маскоўскую кансерваторыю, малады музыкант з'язджае ў Новасібірск, дзе спалучае канцэртную працу з педагагічнай (у кансерваторыі). Ён выступае з сольнымі праграмамі, выконваючы творы Моцарта, Бетховена, Брамса, Шастаковіча, а таксама новыя сачыненні новасібірскіх кампазітараў, захоплена іграе ў розных па складзе камерных ансамблях.
У 1974 г. Анры Янпольскі вяртаецца ў Беларусь, дзе ў поўнай меры раскрываецца яго выканальніцкі і педагагічны талент. У працы з моладдзю ён працягвае высакародныя традыцыі школы Л. Когана. Цярпліва і настойліва, спалучаючы строгасць і мяккі гумар, прафесар раскрывае поўнае ўяўленне аб кожным творы, ставіць канкрэтныя задачы і настойліва дамагаецца выніку.
Прафесар А. Б. Янпольскі выхаваў больш за 100 скрыпачоў, многія з якіх сталі лаўрэатамі міжнародных конкурсаў. Сёння яны канцэртуюць, іграюць і ўзначальваюць аркестры Беларусі, краін блізкага і далёкага замежжа. У яго класе вучыліся і стажыраваліся скрыпачы з Аргенціны, Італіі, Кітая, Польшчы, Расіі, Славеніі.
Па матэрыялах Беларускай дзяржаўнай філармоніі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: НЦІУ