Беларусь у асобах: Семяняка Юрый Уладзіміравіч

28 ноября 2025

Цікавае

Нарадзіўся Юрый Уладзіміравіч Семяняка 26 лістапада 1925 г. у Мінску ў сям’і служачых. У 1932 г. бацькі пераехалі ў Феадосію, дзе будучы кампазітар вучыўся ў музычнай школе, потым у музычным вучылішчы. За некалькі дзён да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыў Беластоцкае музычнае вучылішча па класе фартэпіяна. Адразу пасля вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў пайшоў на фронт. Удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы, Усходняй Прусіі, у разгроме групы нямецкіх войск на поўдні ад Берліна. Пасля дэмабілізацыі некаторы час працаваў выкладчыкам у музычнай школе пры Доме настаўніка ў Іванаве (Расія). З 1947 па 1963 г. з’яўляўся канцэртмайстрам Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (цяпер Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р.Р. Шырмы). Пасля пераезду калектыву з Гродна ў Мінск сумяшчаў работу з вучобай у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В. Луначарскага (клас кампазіцыі А. Багатырова), якую скончыў у 1957 г.

Юрый Семяняка пісаў музыку розных жанраў. Сярод найбольш вядомых твораў – оперы «Калючая ружа» (1960), «Калі ападае лісце» (1968), «Зорка Венера» (1970, лібрэта А. Бачылы), «Новая зямля» (1978, лібрэта А. Петрашкевіча). Прыкметны след пакінуў кампазітар у жанры музычнай камедыі. Ён з’яўляецца аўтарам аперэт «Рябиновое ожерелье» (1964, лібрэта М. Алтухова), «Паўлінка» (1973, лібрэта А. Бачылы) і інш. Першым у беларускай музыцы стварыў гераічную аперэту «Поет «Жаворонок» (1969, лібрэта Н. Калаптур, П. Харкова), у якой апавядаецца пра барацьбу партызан і падпольшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Плённа працаваў Ю. Семяняка ў вакальна-інструментальным, аркестравым, камерна-інструментальным і вакальным жанрах, ствараючы кантаты, канцэртныя арыі, сюіты, сімфоніі, уверцюры, трыа для скрыпкі, віяланчэлі і фартэпіяна, харавыя творы, вакальныя дуэты. Значнае месца ў яго творчасці займала музыка да кінафільмаў, драматычных спектакляў, радыёспектакляў і тэлепастановак.

Заслужаную славу і ўсенароднае прызнанне прынесла кампазітару песенная творчасць – ён з’яўляецца аўтарам больш за 300 песень, пераважна на вершы беларускіх паэтаў. Некаторыя з іх («Явар і каліна», «Ой, шумяць лясы зялёныя», «Ты мне вясною прыснілася», «Люблю цябе, Белая Русь», «Не за вочы чорныя») увайшлі ў рэпертуар ансамбляў «Песняры», «Верасы», «Лявоны».

Усё жыццё Ю. Семянякі было прысвечана служэнню музычнаму мастацтву. Нямала сіл аддаў ён і грамадскай рабоце: некалькі гадоў быў членам праўлення, затым намеснікам старшыні, а з 1978 па 1980 г. старшынёй праўлення Саюза кампазітараў БССР. За плённую працу Ю. Семяняка атрымаў у 1955 г. ордэн «Знак Пашаны». За цыкл песень на патрыятычную тэму стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР (1972), у 1974 г. – народным артыстам БССР. Імя Ю. Семянякі носяць Дзіцячая школа мастацтваў № 1 г. Гродна і адна з вуліц Мінска.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).

Фота: Злата Лукашевіч