Міжнародны дзень кіно
27 декабря 2024
Цікавае
Дата святкавання Міжнароднага дня кіно звязана з гістарычнай падзеяй: 28 снежня 1895 г. у Парыжы браты Люм'ер правялі першы публічны платны кінасеанс 10 кароткаметражных фільмаў, паклаўшы пачатак эры кінематографа. Сёння гэтае свята аб'ядноўвае ўсіх, хто мае дачыненне да кінамастацтва: ад рэжысёраў і акцёраў да кінакрытыкаў і гледачоў, якія натхняюцца магіяй вялікага экрана.
Гісторыя кінематографа пачалася з распрацоўкі метадаў стварэння «жывога малюнка». У канцы XIX ст. навукоўцы і вынаходнікі па ўсім свеце актыўна эксперыментавалі з рознымі прыладамі для паказу рухомых малюнкаў. Адным з ключавых крокаў стала вынаходніцтва братамі Люм'ер апарата «Сінематограф», які спалучаў функцыі кінакамеры і праектара. У 1859 г. у «Гранд-кафэ» на бульвары Капуцынак у Парыжы прайшоў легендарны прэм'ерны паказ фільма «Прыбыццё цягніка на вакзал Ла-Сьёта». Прэм'ера дала магутны штуршок развіццю кінамастацтва і стала асновай для стварэння фільмаў з больш складанымі сюжэтамі і спецэфектамі.
Кінавытворчасць у Беларусі пачалася з арганізацыі дзяржаўнага ўпраўлення па справах кінематаграфіі і фатаграфіі ў 1924 г. (Белдзяржкіно). У 1928 г. у Ленінградзе была створана Студыя мастацкіх фільмаў пад назвай «Савецкая Беларусь», а з 1939 г. пераведзена ў Мінск (у 1946 г. перайменавана ў «Беларусьфільм»). Першы мастацкі фільм – «Лясная быль» – створаны ў 1926 г. паводле аповесці Міхася Чарота «Свінапас» (рэжысёр Юрый Тарыч).
У гэты дзень важна падкрэсліць значнасць аховы інтэлектуальнай уласнасці, якая дазваляе стваральнікам кіно рэалізоўваць свае ідэі і атрымліваць прызнанне.
Няхай ваша творчасць натхняе і працягвае прыносіць радасць гледачам! Жадаем поспехаў у новых праектах і здзяйсненнях у свеце кінамастацтва!
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: НЦІУ