Беларусь у асобах: Пятрусь Броўка

27 июня 2025

Цікавае

Нарадзіўся Пятрусь (Пётр Усцінавіч) Броўка 25 чэрвеня 1905 г. у в. Пуцілкавічы Барысаўскага павета Мінскай губерні (цяпер Ушацкі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і. Вучыўся ў царкоўнапрыходскай школе і вышэйшым пачатковым вучылішчы ў Лепелі. Працаваў перапісчыкам у Велікадолецкім валасным ваенным камісарыяце, справаводам у валвыканкаме, рахункаводам у саўгасе, старшынёй Маладолецкага сельсавета.

З 1927 па 1928 г. з’яўляўся адказным сакратаром газеты «Чырвоная Полаччына». У 1931 г. скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1940 г. быў прызначаны галоўным рэдактарам часопіса «Полымя». Падчас Вялікай Айчыннай вайны працаваў інструктарам-літаратарам франтавой газеты «За Савецкую Беларусь», публікаваўся ў партызанскім друку. З 1943 г. з’яўляўся адказным сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, а ў 1948-1967 гг. займаў пасаду старшыні праўлення. З 1967 па 1980 г. працаваў галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (зараз носіць яго імя).

Першыя вершы П. Броўкі былі надрукаваны пад псеўданімам Юрка Баравы ў газеце «Чырвоная Полаччына» і альманаху «Наддзвінне» (1926). Пятрусь Броўка пісаў пра сяброўства, каханне, радасць працы, узаемаадносіны людзей і іх пачуцці. Падзеі Грамадзянскай і Першай сусветнай войнаў знайшлі адлюстраванне ў паэмах «Праз горы і стэп» (1932) і «1914» (1935), зборніках «Вясна Радзімы» (1937), «Шляхамі баравымі» (1940).

У гады Вялікай Айчыннай вайны паглыбляецца эмацыянальны і рэалістычны змест паэзіі П. Броўкі, узмацняецца яе патрыятычнае гучанне. Балючыя, шчымлівыя вершы, балады, паэмы распавядаюць пра Надзю-Надзейку, закатаваную фашыстамі, пра спаленыя вёскі, пра слёзы герояў-франтавікоў, якія засталі папялішчы на месцы родных хат. Тэма вайны раскрыта ў адным з лепшых твораў «Голас сэрца» (1960), які прысвечаны маці паэта, што загінула ў Асвенцыме. Творчасць П. Броўкі вызначаецца таксама тэмай мірнай працы, якая асабліва ярка раскрыта ў паэме «Хлеб» (1946; Дзяржаўная прэмія СССР, 1947). Працоўны подзвіг народа, барацьба за мір адлюстраваны ў зборніках «У роднай хаце» (1946), «Дарога жыцця» (Дзяржаўная прэмія СССР, 1951), «Сонечнымі днямі» (1950) і інш.

Плённым этапам у творчасці П. Броўкі сталі 1960-1970-я гг.: выйшлі зборнікі «Пахне чабор» (1959), «Далёка ад дому» (1960), «А дні ідуць…» (Ленінская прэмія, 1962), «Між чырвоных рабін» (Дзяржаўная прэмія БССР імя Я. Купалы, 1970) і інш.

У літаратурнай спадчыне Пятруся Броўкі ёсць і празаічныя творы. Яго шлях як празаіка пачаўся з апавяданняў «Сымонава гора», «Памылка», «Тры сасны» (газета «Чырвоная Полаччына», 1927-1928). Першым буйным творам стала аповесць «Каландры» (1931). У 1956 г. быў апублікаваны раман аўтара «Калі зліваюцца рэкі» (Літаратурная прэмія імя Я. Коласа, 1959), у якім распавядаецца пра будаўніцтва электрастанцыі на возеры Дрысвяты ў Віцебскай вобласці. Пятрусь Броўка пісаў таксама творы для дзяцей, займаўся мастацкім перакладам, публіцыстыкай, працаваў над лібрэта опер.

Урад высока ацаніў творчую і грамадскую дзейнасць пісьменніка: у 1966 г. П. Броўка быў абраны акадэмікам Акадэміі навук БССР. У 1972 г. атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы, праз тры гады стаў заслужаным дзеячам навукі БССР, у 1976 г. – лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР за ўдзел у стварэнні дванаццацітомнай «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі». Таксама пісьменнік узнагароджаны ордэнамі Леніна (1949, 1955, 1972), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1971), Чырвонай Зоркі (1944), Дружбы народаў (1975), «Знак Пашаны» (1939), Кірылы і Мяфодзія (1973, Балгарыя), шматлікімі медалямі.

Пятрусь Броўка – ганаровы грамадзянін Ушач і Мінска. У сталіцы працуе Літаратурны музей Петруся Броўкі, а на яго радзіме – дом-музей. Імем паэта названы вуліцы ў Мінску, Віцебску, Полацку, Гомелі, Бешанковічах і іншых гарадах Беларусі.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).

Фота: НЦІУ