27.03.2025

Madrid Monitor – створаная Сусветнай арганізацыяй інтэлектуальнай уласнасці (САІУ) бясплатная база даных для пошуку таварных знакаў, а таксама для праверкі, ці прадастаўлена кожнаму з іх ахова на мэтавых рынках краін-удзельніц Мадрыдскага пагаднення. Madrid Monitor уяўляе сабой адзіную сістэму, якая змяшчае модуль прамога пошуку таварных знакаў і вызначэння іх бягучага прававога статусу, службу Madrid Electronic Alert для электронных апавяшчэнняў карыстальніка аб змене названага статусу і спецыяльны бюлетэнь САІУ з данымі аб новых міжнародных рэгістрацыях і падаўжэннях тэрміну іх дзеяння.

Пошук таварных знакаў даступны як у простым, так і ў пашыраным рэжыме, прычым у тым ліку і па выявах, што з'яўляецца асабліва важным для сродкаў індывідуалізацыі. Кожны знойдзены знак забяспечаны бібліяграфічнымі данымі, у ліку якіх звесткі аб даце і краіне рэгістрацыі, імені/назве праваўладальніка і мове падачы заяўкі. Таксама сістэма дае карыстальніку магчымасць азнаёміцца з кароткім зместам кожнага знойдзенага дакумента і табліцай прававых статусаў усіх выяўленых знакаў. Дзякуючы гэтаму Madrid Monitor дазваляе адсочваць статус міжнародных заявак або рэгістрацый таварных знакаў, уключаючы знакі канкурэнтаў, што робіць яе запатрабаванай з боку патэнтных ведамстваў, патэнтных павераных, заяўнікаў і прадпрымальнікаў.

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фота: НЦІУ
Вверх