Лідзія Саўлаўна Мухарынская нарадзілася 26 сакавіка 1906 г. у Тбілісі (Грузія). Вучылася на фартэпіянным аддзяленні музпрафшколы пры Адэскай кансерваторыі. У 1927 г. паступіла на музычна-педагагічны факультэт Музычна-драматычнага інстытута імя Л. Бетховена. У 1929-1932 гг. вучылася ў Маскве ў музычным тэхнікуме імя А.К. Глазунова.
У 1939 г. скончыла Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю і пераехала ў Беларусь. З 1939 па 1941 г. працавала выкладчыцай у Мінскім музычным вучылішчы і Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В. Луначарскага.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны пайшла добраахвотнікам ў медыка-санітарны батальён у якасці медыцынскай сястры. Пасля яе заканчэння працавала настаўніцай у музычнай школе, выкладала ў Горкаўскай кансерваторыі і музычным вучылішчы пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі.
З 1948 г. працоўны і навуковы шлях Л. Мухарынскай быў звязаны з Беларускай дзяржаўнай кансерваторыяй. Дзякуючы ёй адбылося станаўленне этнамузыкалогіі як прафесійнай дысцыпліны. У гэты перыяд абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Сучасная беларуская народная песня (беларуская народная песнятворчасць савецкай эпохі. Гістарычнае развіццё. Інтанацыйны склад)» (1968).
Лідзія Саулаўна ‒ аўтар навуковых прац па фундаментальных праблемах беларускага музычнага фальклору, генетычнай прыродзе, семантыцы і эстэтычнай сутнасці народнай музыкі. Сярод іх ‒ «Меладычная мова сучаснай беларускай народнай песні» (1966), «Беларуская народная партызанская песня: 1941-1945» (1968), «Беларуская народная песня: гістарычнае развіццё» (1977), «Да пытання аб эстэтычным асваенні рэчаіснасці ў сучаснай беларускай народна-песеннай творчасці» (1982) і інш.
Даследчыца вывучала беларускую прафесійную музыку, стылі сусветнай кампазітарскай творчасці. Асноўнымі кірункамі навуковай дзейнасці Л. Мухарынскай сталі вывучэнне, збор і папулярызацыя беларускай народнай песні, выяўленне шляхоў фарміравання народнага песеннага мастацтва, яго гістарычнае, псіхалагічнае і эстэтычнае значэнне. Лідзія Саўлаўна ўпершыню ў гісторыі айчыннага музыказнаўства даследавала беларускую партызанскую песню, зрабіла больш за 200 запісаў гэтых песень і найгрышаў, з’яўлялася аўтарам цыкла радыёперадач «Адказы на пісьмы партызан» і тэлеперадач.
У 1974 г. Л. Мухарынская была ўдастоена ганаровага звання заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, узнагароджана ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: Злата Лукашэвіч