Беларусь у асобах: Алесь Бадак
27 февраля 2026
Цікавае
Алесь (Аляксандр Мікалаевіч) Бадак нарадзіўся 28 лютага 1966 г. у вёсцы Туркі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і рабочых. Пасля заканчэння Федзюкоўскай сярэдняй школы паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Алесь Бадак працаваў у Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі, пазней – рэдактарам аддзела, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка», рэдактарам аддзела часопіса «Полымя», загадчыкам аддзела прозы, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць», галоўным рэдактарам часопіса «Нёман». З 2015 г. Аляксандр Мікалаевіч Бадак з’яўляецца дырэктарам выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Першыя вершы Алеся Бадака з’явіліся ў газеце «Піянер Беларусі» ў 1979 г. Паэт стаў актыўна друкавацца ў розных перыядычных выданнях, творы змяшчаліся ў калектыўных зборніках «Маладыя галасы», «Вусны», «Дзень паэзіі», «Тутэйшыя», гучалі ў радыёперадачах «Жывое слова», «Рамантыкі» і інш. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1990 г.
З’яўляецца аўтарам паэтычных зборнікаў «Будзень» (1989), «За ценем самотнага сонца» (1995), «Маланкавы посах» (2004). Для дзяцей напісаў кнігі «Маленькі чалавек у вялікім свеце» (1995), «Верабей з рагаткай» (1999), «Незвычайнае падарожжа ў Краіну Ведзьмаў» (2001). Стварыў аўтарскую пазнавальную серыю «Усім пра ўсё», у якую ўвайшлі кнігі «Расліны» (2008), «Жывёлы» (2009), «Птушкі» (2010), «Насякомыя» (2011) і «Водны свет» (2012).
Творы пісьменніка перакладаліся на рускую, венгерскую, сербскую, таджыкскую, азербайджанскую, казахскую і іншыя мовы. Алесь Бадак таксама вядомы як публіцыст, перакладчык, крытык.
Алесь Бадак шырока вядомы як паэт-песеннік. На тэксты аўтара беларускімі кампазітарамі створаны песні «Падаюць зоры», «Гаспадыня», «Будзем жыць як набяжыць», «Іншапланецянка», «Школьны баль», «Вяселле», «Валянціна», «Ой, туман», «Ночка-чараўніца», «Крывічанка», «За зялёным гаем», «Дзіўны лістапад» і інш. Песні выконваюць Аляксандр Саладуха, Анатоль Ярмоленка і іншыя эстрадныя спевакі.
Лаўрэат прэмій «Залаты апостраф» (2003), «Залаты купідон» (2008), прэміі СНД «Зоркі Садружнасці» (разам з Алесем Карлюкевічам) (2014), прэміі Васіля Віткі (2015).
Па матэрыялах Краязнаўства Берасцейшчыны
Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: Злата Лукашэвіч