26.09.2025

Віктар Пятровіч Ціханаў нарадзіўся 27 верасня 1955 г. у весцы Пукшына Віцебскага раёна. У 1978 г. скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. З 1983 г. – член Беларускага саюза мастакоў.

В. П. Ціханаў адрадзіў на Беларусі старажытную тэхніку разьбы на ляўкасе ў спалучэнні з жывапісам: «Дзед Сцяпан» (1976), «Успамін» (1977), «Слова аб Радзіме. Ф. Скарына», «Песня – успамін. М. Гусоўскі» (1980), «Свята ўраджаю», «Вянок жыцця. М. Багдановіч» (1981), трыпціхі «Сейбіты», «Вяртанне» (1982).

Аўтар манументальных работ: фрэска «Горад юнацтва» (1981), вітражы «Прырода» ў Інстытуце эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1982), у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча (1991) у Мінску; мазаіка «Лясная песня» ў кінатэатры «Радзіма» (1982), вітраж «Гарады Беларусі» ў будынку аўтавакзала (1984, усе ў сааўт.) у Маладзечна Мінскай вобл.; размалёўка царквы святых Пятра і Паўла ў Семятычах (Польшча, 1987); іканастас Свята-Мікалаеўскай царквы ў Брэсце; кампазіцыя «Мір табе, зямля пад белымі крыламі» (1989). Жывапісныя творы: «Спадчына» (1978), «Мой родны кут. Я. Колас» (1982), «Ля вытокаў. В. Дунін-Марцінкевіч» (1983), «Сустрэча ў вёсцы Белае» (1984), «Восень на Браслаўшчыне», «Кастрычнік» (1997), «Цёплы дзень» (2001), цыкл з 21 карціны «Восень у Баварыі» (2000).

Творы мастака знаходзяцца ў зборах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў у Мінску, фондах Беларускага саюза мастакоў, Музея сучаснай іспанскай гравюры (Іспанія), Fundaclon Cristobal Gabarron (Іспанія), Акадэміі мастацтваў (Гранада, Іспанія), Нацыянальнай бібліятэкі Мадрыда (Іспанія), Zimmerly Art Museum (Нью-Брансвік, ЗША), прыватных калекцыях.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фота: НЦІУ
Вверх