Беларусь у асобах: Чантурыя Уладзімір Аляксандравіч

26 июля 2024

Цікавае

Нарадзіўся Уладзімір Аляксандравіч Чантурыя 30 чэрвеня 1923 г. у Баку. У 1947 г., скончыўшы архітэктурна-будаўнічы факультэт Азербайджанскага індустрыяльнага інстытута, быў накіраваны ў Мінск. Працаваў у інстытуце «Белдзяржпраект». У 1948 г. паступіў у аспірантуру пры Акадэміі навук БССР. Далейшае навучанне працягваў у Маскве ў Інстытуце горадабудаўніцтва Акадэміі архітэктуры СССР.

Станаўленне У. Чантурыі як вучонага і даследчыка праходзіла пад кіраўніцтвам вядомых дойлідаў А. В. Шчусева, І. У. Жалтоўскага, У. М. Сямёнава, М. Д. Колі, А. П. Воінава, Ю. А. Ягорава. У 1953 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Центры городов Белоруссии», якая была прысвечана адной з актуальных праблем – фарміраванню цэнтральных ансамбляў гарадоў. З 1953 г. выкладаў у Беларускім політэхнічным інстытуце (БПІ) і адначасова займаўся вывучэннем архітэктурнай спадчыны краіны. У 1965 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Исследование архитектурного наследия Белоруссии». У 1968 г. стаў прафесарам. У 1969 г. у БПІ заснаваў кафедру тэорыі і гісторыі архітэктуры, якую ўзначальваў да 1988 г.

У шматгадовай навуковай дзейнасці У. А. Чантурыі вызначаюцца тры асноўныя этапы. Першы (1954–1964) звязаны з выяўленнем, абмерам і апісаннем найбольш вядомых помнікаў дойлідства ў Беларусі. У іх лік увайшлі творы манументальнай архітэктуры і горадабудаўнічыя ансамблі XVI–XVII стст. у Гомелі, Магілёве, Пінску, Нясвіжы, Свяцку і інш. У выніку падрыхтавана больш за 200 унікальных архітэктурных чарцяжоў, замалёвак, складзены навуковыя анатацыі.

На другім этапе (1965–1970) праводзілася даследаванне малавядомых ці зусім невядомых вучоным аб’ектаў беларускай архітэктуры: дом-крэпасць у Гайцюнішках, палацы ў вёсках Германавічы, Опса, Лявонпаль, сядзібныя дамы ў Поразава і Заполлі, храмы ў Ішкалдзі, Міхалішках і іншыя творы архітэктуры XV–ХІХ стст.

Трэці этап (1971–1983) звязаны з праблемай захавання горадабудаўнічай спадчыны пры рэканструкцыі населеных месцаў Беларусі. У гэты перыяд было абследавана каля 50 гарадоў рэспублікі з найбольш старажытнымі забудовамі. Вызначаны гістарычныя межы іх цэнтраў, выяўлена і навукова абгрунтавана архітэктурная каштоўнасць.        Комплексныя праекты рэканструкцыі цэнтраў Гродна і Віцебска, выкананыя пры непасрэдным удзеле і кіраўніцтве Уладзіміра Чантурыі, атрымалі высокую ацэнку і былі адзначаны медалямі Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Вынікі даследаванняў друкаваліся ў Беларускай савецкай энцыклапедыі, саюзных, рэспубліканскіх, замежных часопісах і навуковых зборніках.

Вучоны з’яўляецца аўтарам спецыяльных і папулярных выданняў па гісторыі беларускай архітэктуры і горадабудаўніцтва: «Архитектура Белоруссии конца XVIII – начала XIX века» (1962), «История архитектуры Белоруссии (дооктябрьский период)» (1969, 1977; Дзяржаўная прэмія БССР, 1980), «Архитектурные памятники Белоруссии» (1982), «Атлас памятников архитектуры и мемориальных комплексов Белоруссии» (1983), «Памятники архитектуры и градостроительства Белоруссии» (1986) і інш.

Таксама У. А. Чантурыя шмат зрабіў для станаўлення вышэйшай архітэктурнай школы Беларусі. Больш за 30 гадоў ён чытаў лекцыі па гісторыка-тэарэтычных дысцыплінах у БПІ. На працягу многіх гадоў быў членам праўлення Саюза архітэктараў БССР. Ён з’яўляўся старшынёй навукова-метадычнага Савета па ахове помнікаў Міністэрства культуры БССР, членам прэзідыума Цэнтральнага савета добраахвотнага таварыства па ахове помнікаў гісторыі і культуры БССР і праблемнага савета «Традыцыі і наватарства ў савецкай архітэктуры» пры праўленні Саюза архітэктараў СССР. Уваходзіў у склад рэдакцыйнага савета Беларускай савецкай энцыклапедыі, быў членам рэдкалегіі выдання «Свод памятников истории и культуры Белоруссии» і бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Вучоны ўнёс вялікі ўклад ў развіццё архітэктурна-гістарычных ведаў славянскіх народаў і з’яўляецца адным з тых, хто забяспечыў беларускай архітэктурнай навуцы міжнароднае прызнанне.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: НЦІУ