Жыць, змагацца і тварыць – Ласкорын Барыс Мікалаевіч

26 июня 2024

Цікавае

Барыс Мікалаевіч Ласкорын – акадэмік Акадэміі навук СССР, акадэмік Расійскай акадэміі навук, прафесар, доктар тэхнічных навук, заслужаны вынаходнік РСФСР, лаўрэат Ленінскай і Дзяржаўнай прэмій СССР, спецыяліст у галіне хіміі і тэхналогіі радыеактыўных, каляровых і высакародных металаў, сінтэзу арганічных сарбентаў, экстрагентаў, іонаабменных мембран, адзін з удзельнікаў станаўлення атамнай галіны СССР.

Барыс Ласкорын нарадзіўся ў 1915 г. у Брэсце. У 1938-1948 гг. працаваў над стварэннем фільтруючых матэрыялаў, сарбентаў, каталізатараў для індывідуальных і калектыўных сродкаў супрацьхімічнай абароны. Пры яго ўдзеле ў гады Вялікай Айчыннай вайны была наладжана масавая прамысловая вытворчасць гэтых матэрыялаў для патрэб арміі, флоту і грамадзянскага насельніцтва. За стварэнне сродкаў супрацьхімічнай абароны Б. Ласкорын ў 1951 г. атрымаў першы ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

унутрЛаскорын.jpg

Асноватворнае значэнне для уранавай прамысловасці і па гэты дзень мае распрацаваны Б. Ласкорыным і ажыццёўлены ўпершыню ў свеце ў прамысловым маштабе бесперапынны бесфільтрацыйны метад гідраметалургічнай перапрацоўкі руд з выкарыстаннем працэсаў сарбцыйнага і экстракцыйнага здабывання каштоўных кампанентаў непасрэдна з рудных пульп і раствораў з атрыманнем чыстых злучэнняў ўрану і іншых каштоўных элементаў.

У самыя кароткія тэрміны пад навуковым кіраўніцтвам Барыса Ласкорына была паспяхова ажыццёўлена рэканструкцыя гідраметалургічных уранавых прадпрыемстваў, што забяспечыла стварэнне ў 1958-1965 гг. буйной уранавай прамысловасці ў СССР і краінах Усходняй Еўропы.

Таксама быў распрацаваны прамысловы сарбцыйны метад ачысткі газаў ад радыеактыўнага ёду, які выкарыстоўваецца да цяперашняга часу.

Б. Ласкорын з'яўляецца аўтарам распрацовак і прамысловага асваення ў СССР і РФ працэсаў сінтэзу сарбентаў і экстрагентаў для здабывання ўрану, плутонію, золата і іншых радыеактыўных, каляровых, высакародных, рэдкіх і рассеяных элементаў.

Вынікам вялікай і плённай педагагічнай працы акадэміка Барыса Мікалаевіча Ласкорына стала створаная ім навуковая школа па сарбцыйна-экстракцыйнай і мембраннай тэхналогіях, якая падрыхтавала цэлую плеяду спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі, у тым ліку 8 прафесараў, 15 дактароў тэхнічных навук і больш за 100 кандыдатаў тэхнічных навук.

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).


Фота: НЦІУ