Карысныя рэсурсы ў сферы інтэлектуальнай уласнасці: патэнтна-інфармацыйная платформа LENS

25 февраля 2025

Цікавае

Платформа LENS з'яўляецца бясплатным пошукавым інструментам, прызначаным для бізнес-аналітыкаў і патэнтных экспертаў. Яе карыстальнікам даступна больш за 200 тыс. навуковых прац і 100 млн патэнтных дакументаў, звязаных перакрыжаванымі спасылкамі.

Даныя, якія знаходзяцца ў калекцыях LENS, утвараюць тры асноўных масіва:

  • масіў апублікаваных навуковых артыкулаў, забяспечаных інструментамі для іх пошуку і аналізу;
  • патэнтная калекцыя, якая ўключае ў сябе нацыянальныя патэнты і дакументы рэгіянальных арганізацый;
  • праграмнае асяроддзе PatSeq, прызначанае для выяўлення і аналітычнай апрацоўкі інфармацыі аб бялках і нуклеатыдах.

Сістэма LENS дае карыстальніку магчымасць простага пошуку, а таксама пабудовы камбінаваных нумарацыйных, імянных і тэматычных запытаў. Для кожнага са знойдзеных патэнтаў даступныя да прагляду бібліяграфічныя даныя з формулай або рэфератам, поўны тэкст дакумента, інфармацыя аб патэнтным сямействе, звесткі аб перапісцы з патэнтным ведамствам і прававым статусе, а таксама аб патэнтным цытаванні. Аналагічным чынам у сістэме ажыццяўляецца пошук непатэнтнай літаратуры.

Акрамя таго, платформа змяшчае інструменты для аналітычнай апрацоўкі патэнтных калекцый і візуалізацыі вынікаў у выглядзе графікаў, дыяграм і карт цытавання. Такія магчымасці робяць сістэму LENS папулярнай пры ажыццяўленні патэнтнай аналітыкі ў многіх краінах свету.

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (FacebookInstagramTelegram, VK).


Фота: НЦІУ