Іосіф Ісакавіч Протас нарадзіўся 27 кастрычніка 1925 г. у Мінску. Будучы вучнем 10 класа, быў прызваны ў армію 18 лютага 1943 г. і накіраваны ў мінамётнае вучылішча (г. Тэрмез). У 1944 г. скончыў вучылішча ў званні малодшага лейтэнанта – камандзіра мінамётнага ўзвода. З красавіка 1944 г. знаходзіўся ў складзе 93-й стралковай дывізіі. Першы наступальны бой адбыўся падчас Яска-Кішынёўскай аперацыі, дзе І. Протас быў цяжка паранены ў скронь асколкам снарада.
Пасля шпіталя быў накіраваны ў 231-ю стралковую дывізію на такую ж пасаду. Удзельнічаў у баях за Будапешт, вызваляў Югаславію і Аўстрыю. У ходзе баявых аперацый быў яшчэ двойчы паранены і скончыў вайну ў аўстрыйскіх Альпах 8 мая 1945 г. За баявыя заслугі ўзнагароджаны двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і ордэнам Айчыннай вайны I ступені.
У 1953 г. скончыў Мінскі медыцынскі інстытут. З 1965 г. працаваў у Беларускім навукова-даследчым інстытуце эпідэміялогіі і мікрабіялогіі (кіраўнік аддзялення). Доктар медыцынскіх навук (1979), прафесар (1993).
На працягу жыцця займаўся вывучэннем герпетычнага энцэфаліту. Дзякуючы яго плённай працы з вучнямі над расшыфроўкай і методыкай лячэння лятальнасць ад інфекцыі ў Беларусі была зніжана: у дарослых з 70 да 20 %, а сярод дзяцей – да 7 %.
Іосіф Протас – аўтар навуковых прац па інфекцыйных захворваннях нервовай сістэмы: кляшчовым энцэфаліце, поліяміэліце, герпесвірусных інфекцыях ЦНС, хранічных дэміэлінізуючых захворваннях, прыённых (павольных) інфекцыях, хваробе Лайма.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: НЦІУ