24.01.2025

Нарадзіўся Юрый Віктаравіч Тарыч (сапраўднае прозвішча – Аляксееў) 24 студзеня 1885 г. у Полацку (Віцебская вобласць) у сям’і афіцэра. Дзіцячыя і юнацкія гады праходзілі ў Варшаве, куды бацьку перавялі на службу. Пасля заканчэння мясцовай гімназіі Ю. Тарыч паступіў у 1903 г. на юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, які не скончыў.

Падчас руска-японскай вайны (1904-1905) служыў санітарам у адным з лазарэтаў на Далёкім Усходзе, быў сведкам кровапралітнай Мукдэнскай бітвы (люты-сакавік 1905 г.), калі колькасць салдат з абодвух бакоў дасягнула паўмільёна, амаль трэцяя частка з іх была знішчана ці атрымала цяжкія раненні. Свае нататкі пра франтавыя падзеі Ю. Тарыч дасылаў у газету «Варшавский дневник», карэспандэнтам якой з’яўляўся.

Пасля заканчэння актыўных ваенных дзеянняў некалькі гадоў знаходзіўся на пасяленні ў в. Тара Табольскай губерні. У 1907 г. уладкаваўся спачатку статыстам, потым штатным акцёрам у Табольскім тэатры, выступаў у іншых правінцыяльных тэатрах Сібіры.

Падчас Першай сусветнай вайны Юрый Тарыч добраахвотнікам запісаўся ў дзеючую армію. Службу праходзіў у артылерыі. Пасля дэмабілізацыі ў 1918 г. працаваў у сталічных тэатрах, здымаўся ў кіно. У 1920-1924 гг. з’яўляўся адным з кіраўнікоў Курсанцкага тэатра ў Крамлі, дзе паставіў спектакль-кампазіцыю «Пагібель самадзяржаўя» (1924) і выканаў ролю У. І. Леніна.

З 1923 г. Ю. Тарыч пачаў працаваць у кіно як сцэнарыст. У 1924 г. на экраны выйшлі фільмы «Банда бацькі Кныша» А. Разумнага і «Ворагі» Ч. Сабінскага, сцэнарыі да якіх былі напісаны Ю. Тарычам сумесна з Н. Айзіковічам. Кінакарціна «Марока» (1925, пастаўленая разам з Я. Івановым-Барковым) стала яго рэжысёрскім дэбютам. У 1926 г. Юрый Тарыч паставіў адзін з лепшых савецкіх гістарычных фільмаў 1920-х гг. «Крылы халопа», які з поспехам дэманстраваўся на экранах замежных краін. У гэтым жа годзе зняў першы беларускі мастацкі фільм «Лясная быль» (паводле аповесці М. Чарота «Свінапас»). Героіка-рамантычная кінастужка адлюстроўвала падзеі грамадзянскай вайны ў Беларусі.

У 1928-1939 гг. Ю. Тарыч працаваў на кінастудыі «Савецкая Беларусь», дзе зняў фільмы «Да заўтра» (1929), «Нянавісць» (1930), «Вышыня 88,5» (1931), «Шлях караблям» (1935), «Адзінаццатае ліпеня» (1938) і інш. Творчасць гэтага перыяду вызначалася спалучэннем рэальных гістарычных падзей з мастацкім вымыслам, рамантызму з псіхалагізмам, тонкім адчуваннем беларускай прыроды. У студзені 1935 г. Юрый Тарыч атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў РСФСР, у гэтым жа годзе стаў заслужаным дзеячам мастацтваў БССР, пазней быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» (1950).

Падчас Вялікай Айчыннай вайны кінарэжысёр працаваў на Цэнтральнай аб'яднанай кінастудыі ў Алма-Аце. Удзельнічаў у стварэнні кіназборніка «Беларускія навелы», для якога разам з У. Корш-Сабліным зняў навелу «На кліч маці» (1942). У 1943-1945 гг. з’яўляўся мастацкім кіраўніком кінастудыі «Манголкіно», потым працаваў у Маскве. У пачатку 1950-х гг. зняў на «Беларусьфільме» некалькі кіначасопісаў, кінанарысаў, навукова-папулярных і дакументальных фільмаў. У 1961 г. Ю. Тарыч стаў мастацкім кіраўніком кінаальманаха маладых рэжысёраў і аператараў «Апавяданні пра юнацтва».

Рэжысёру прысвечаны дакументальны фільм «Юрый Тарыч» («Беларусьфільм», 1984), спектакль тэатра-студыі кінаакцёра «Старонкі яго палёту» (1985), тэлевізійная пастаноўка В. Вярбоўскай «Заўсёды Ваш, Тарыч» (1986), відэафільм «Юрый Тарыч. Пачатак» (2004). У 2010 г. у Полацку ўстаноўлены бюст рэжысёра (скульптар Л. Мінкевіч).

Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі

Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).

Фота: НЦІУ
Вверх