Беларусь у асобах: Панчанка Пімен Емяльянавіч
23 августа 2024
Цікавае
Нарадзіўся Пімен Емельянавіч Панчанка 23 жніўня 1917 г. у Таліне, куды бацькі (беззямельныя сяляне) выехалі ў пошуках заробку. Пазней сям’я вярнулася ў Беларусь, жылі ў Бягомлі, Кіраўску, Талачыне. Пасля заканчэння сямігодкі працаваў рабочым дрэваапрацоўчага камбіната ў Бабруйску і адначасова вучыўся на аднагадовых педагагічных курсах, працаваў настаўнікам.
З 1939 г. пачалася франтавая эпапея П. Панчанкі, які прымаў удзел у вызваленні Заходняй Беларусі, застаўся на службе ў Чырвонай Арміі. Па дарогах Вялікай Айчыннай вайны прайшоў у якасці франтавога карэспандэнта і завяршыў сваю ваенную службу ў 1945 г. у Іране.
Пасля вайны Пімен Панчанка працаваў у розных перыядычных выданнях: загадваў аддзелам часопіса «Вожык», быў намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва», галоўным рэдактарам альманаха «Советская отчизна». З 1966 па 1971 г. з’яўляўся сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Займаўся грамадскай дзейнасцю, у тым ліку быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. На грамадскіх пачатках узначальваў Рэспубліканскі Камітэт абароны міру.
Пімен Емяльянавіч Панчанка – ганаровы акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1994). Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны II ступені, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, трыма ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі «Знак Пашаны», медалямі і граматамі.
Пісаць П. Панчанка пачаў яшчэ ў юнацтве. Упершыню апублікаваў свае вершы («Ураджайнае» і «Моладзі») у 1934 г. у альманаху «Ударнікі». Першыя зборнікі лірыкі – «Упэўненасць» (1938) і «Вераснёвыя сцягі» (1940). У іх знайшоў адлюстраванне рамантычна-ўзнёслы настрой мастака.
Паэтычную сталасць П. Панчанку прынеслі вершы, напісаныя ім у час вайны. На франтавых дарогах ён бачыў кроў і смерць, балюча перажываў трагедыю беларускага народа. Яго ваенныя радкі прасякнуты верай у перамогу над ворагам, суперажываннем, спагадай да чужога гора. Адным з лепшых твораў таго часу не толькі ў беларускай, але і ўсёй савецкай паэзіі стаў верш «Сінія касачы». Ваенныя ўражанні паэта склалі зборнікі «Дарога вайны» (1943), «Далёкія станцыі» (1945), «Гарачыя вятры» (1947). Адметнай з’явай у беларускай літаратуры стаў цыкл яго вершаў «Іранскі дзённік» (1944-1947). Ваенная тэма не пакідала паэта на працягу ўсяго творчага лёсу.
Напісаная лірыка-публіцыстычная паэма «Патрыятычная песня», у якой паэт выказваў шчырае прызнанне ў любві да Радзімы, да людзей, была ўзнагароджана Літаратурнай прэміяй імя Янкі Купалы (1959). Прыкметнай з’явай у літаратурным жыцці Беларусі стала і кніга яго вершаў «Пры святле маланак» (1966, Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы 1968). Глыбокім лірызмам прасякнуты зборнік П. Панчанкі «Дзе начуе жаўранак», які атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР (1981).
Вялікі грамадзянскі рэзананс выклікала ў свой час «Паэма сораму і гневу». Пасля смерці паэта з друку выйшлі яго кнігі «Зямля ў мяне адна» (1996) і «Жытнёвы звон» (2002), у якіх сабраны творы розных гадоў.
Пімену Панчанку належаць шматлікія публіцыстычныя артыкулы і эсэ, успаміны пра вядомых беларускіх пісьменнікаў і падзеі з літаратурнага жыцця. Перакладаў на беларускую мову творы А. Міцкевіча, М. Нагнібеды, Я. Райніса, Ф. Шылера і інш. Паэзія Пімена Емяльянавіча Панчанкі ўвайшла ў залаты фонд беларускай літаратуры.
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram).
Фота: НЦІУ