Беларусь у асобах: Ягораў Юрый Аляксеевіч
23 мая 2025
Цікавае
Імя доктара мастацтвазнаўства, прафесара Юрыя Аляксеевіча Ягорава непарыўна звязана з гісторыяй горадабудаўніцтва і архітэктуры Мінска першых пасляваенных гадоў, з яго даследчыцкай работай па горадабудаўніцтве Беларусі.
Юрый Аляксеевіч Ягораў нарадзіўся 23 мая 1911 г. у Ніжнім Ноўгарадзе. Скончыў Ніжагародскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум і Маскоўскі архітэктурны інстытут (1935). У 1944-1948 гг. – галоўны архітэктар Мінска. У 1949-1954 гг. – загадчык архітэктурна-будаўнічага сектара Акадэміі навук БССР, таксама працаваў выкладчыкам Беларускага політэхнічнага інстытута. У 1951 г. Ю. Ягораў у Маскве абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Горадабудаўнічае развіццё гарадоў БССР».
Юрый Аляксеевіч Ягораў – адзін з удзельнікаў распрацоўкі праектаў і забудовы цэнтральнай плошчы Мінска, галоўнага праспекта (цяпер праспект Незалежнасці), вуліцы Савецкай. Першы пасляваенны генеральны план Мінска (1946) быў распрацаваны ў інстытуце «Белдзяжпраект» аўтарскім калектывам у складзе архітэктараў М. Андросава, Н. Трахтэнберга пры ўдзеле галоўнага архітэктара горада Ю. Ягорава і кансультацыі вядомых маскоўскіх архітэктараў У. Сямёнава і М. Палякова.
Удзельнічаў Юрый Ягораў у распрацоўцы і іншых праектаў забудовы Мінска. У больш познія гады ён апублікаваў шэраг даследаванняў па горадабудаўніцтве Беларусі: «Горадабудаўніцтва Беларусі» (Масква, 1954); «Архітэктура і горадабудаўніцтва Савецкай Беларусі» (Мінск, 1957, у суаўтарстве); «Ансамбль у горадабудаўніцтве СССР: нарысы» (Масква, 1961).
Узнагароджаны медалямі: «За абарону Масквы» (1943), «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» (1945), «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.».
Па матэрыялах Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі
Больш навін аб інтэлектуальнай уласнасці – у нашых сацсетках (Facebook, Instagram, Telegram, VK).
Фота: НЦІУ