Беларусь у асобах: Дудараў Вячаслаў Сяргеевіч

23 января 2026

Цікавае

Вячаслаў Сяргеевіч Дудараў нарадзіўся 22 студзеня 1946 г. Скончыў Краснаярскі дзяржаўны медыцынскі інстытут па спецыяльнасці «Лячэбная справа». З 1969 па 1975 г. працаваў асістэнтам кафедры нармальнай анатоміі таго ж інстытута.

З 1984 г. працаваў у РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава спачатку малодшым, затым старэйшым (1986) і вядучым навуковым супрацоўнікам аддзялення дыягностыкі і прамянёвай тэрапіі. У 1991 г. прысвоена вышэйшая кваліфікацыйная катэгорыя ўрача прамянёвай дыягностыкі. З 1994 г. па 2002 г. працаваў загадчыкам ангіяграфічнага кабінета. З 2002 г. – урач-рэнтгена-эндаваскулярны хірург аддзялення прамянёвай дыягностыкі. З 2011 г. пераведзены на пасаду галоўнага навуковага супрацоўніка дыягнастычнага аддзела з групай прамянёвай дыягностыкі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава.

У 1984 г. Вячаслаў Дудараў абараніў кандыдацкую дысертацыю «Некаторыя асаблівасці рэнтгенаанатамічнай будовы абадковай кішкі, характарыстыка яе сфінктараў і кровазабеспячэння», а ў 2001 г. – доктарскую дысертацыю па спецыяльнасці 14.00.19 – прамянёвая дыягностыка, прамянёвая тэрапія, 14.00.14 – анкалогія на тэму: «Эфектыўнасць рэнтгена-эндаваскулярных умяшанняў у комплекснай дыягностыцы і лячэнні рака лёгкага, нырак і печані». З 2009 г. і па цяперашні час працуе дацэнтам на кафедры прамянёвай дыягностыкі БелМАПА, з 2017 г. – прафесар кафедры прамянёвай дыягностыкі і прамянёвай тэрапіі.

Прадметам навуковых даследаванняў В. Дударава з'яўляюцца распрацоўка комплексных метадаў прамянёвай дыягностыкі і рэнтгена-эндаваскулярнае лячэнне рака розных лакалізацый. Развіццё новага кірунку ў Рэспубліцы Беларусь – інтэрвенцыйнай анкарадыялогіі – шмат у чым абавязана Вячаславу Дудараву. Гэта знайшло адлюстраванне ў публікацыі двух выданняў (2007, 2013) навукова-практычнага кіраўніцтва сумесна з расійскімі аўтарамі «Інтэрвенцыйная радыялогія ў анкалогіі».

В. С. Дудараў паспяхова спалучае педагагічную працу з лячэбнай, ажыццяўляе лячэбна-кансультатыўную дапамогу ў РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава. З'яўляецца аўтарам і сааўтарам больш чым 200 навуковых работ.

Па матэрыялах Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта

Больше новостей об интеллектуальной собственности – в наших соцсетях (FacebookInstagramTelegram, VK).

Фота: Злата Лукашэвіч